Як насамрэч памёр пад Данецкам генерал РФ Кліменка: новыя звесткі
- 10.11.2024, 11:23
У Расеі зняпраўдзілі афіцыйную версію.
Смерць на акупаваным Данбасе камандзіра 5-й мотастралковай брыгады УС РФ генерал-маёра Паўла Кліменкі - гэта вынік п'янага ДТЗ, а не атакі беспілотніка.
Пра гэта 10 лістапада паведаміў уплывовы расейскі Telegram-канал «ВЧК-ОГПУ», які звязваюць са спецслужбамі РФ.
Кліменка развітаўся з жыццём пад акупаваным Данецкам 6 лістапада. Афіцыйная версія абвяшчае, што ён атрымаў смяротныя раненні пры нападзе FPV-дрона.
Аднак, запэўнівае рэсурс, гэта не адпавядае рэчаіснасці.
«Кліменка ў п'яным стане на вялікай хуткасці з'ехаў на матацыкле ў кювет і пазней памёр ад характэрных для такога ДТЗ траўм. Аднак было складзенае заключэнне аб тым, што ў кювет ён з'ехаў у выніку абстрэлу з ужываннем БПЛА», - распавёў расейскі рэсурс.
Ён удакладніў, што на целе генерала няма ніякіх тэрмічных або асколачных раненняў. У яго былі знойдзеныя шматлікія пераломы, у тым ліку таза і ног, а таксама траўма галавы.
Канал сцвярджае, што за сваю «гераічную» гібель расейскі камбрыг атрымае неўзабаве пасмяротна зорку героя РФ. Генерала плануюць пахаваць у акупаваным Крыме.
Медыкаў, якія спрабавалі выратаваць жыццё высокапастаўленаму акупанту, запалохалі і запатрабавалі ўтаіць рэальныя прычыны смерці.
ДТЗ здарылася ўвечары, 6 лістапада, ля горада Краснагораўкі, што пад Данецкам. Генерал з яшчэ двума падначаленымі ехалі на матацыклах на вялікай хуткасці. Будучы моцна п'яным, Кліменка ўляцеў у кювет. У яго суправаджаючых няма ніякіх траўм.
«Нягледзячы на факты, у заключэнні вайскоўцаў аб абставінах смерці Кліменкі з'явілася ўказанне, што ён загінуў «у выніку..агнявога паражэння з ужываннем FPV-дрона». А каб растлумачыць несупадзенні такой версіі, у заключэнні дадалі, што «з прычыны выбухной хвалі Кліменка П.Ю. быў адкінуты ў кювет разам з матацыклам», - паведаміў рэсурс.