БелАЗ пачаў падрабляць амерыканскія чаравікі Timberland
- 10.11.2024, 14:45
Справы ў «флагмана» зусім дрэнныя?
У каталогу інтэрнэт-крамы жодзінскага вытворцы кар'ерных самазвалаў БелАЗ з'явілася новая брэндаваная прадукцыя. Цяпер там можна набыць не толькі кампактныя сувеніры ў выглядзе значкоў, цацачных БелАЗаў ці канцылярыі, але таксама адзенне і абутак з лагатыпам прадпрыемства, піша «Телеграф».
Уся справа ў тым, што чаравікі, выстаўленыя на продаж пад лагатыпам БелАЗа, вонкава вельмі нагадваюць абутак вядомага ва ўсім свеце амерыканскага брэнда Timberland.
Арыгінальныя тimberland выкананыя з нубука, з суцэльнай фірмовай трактарнай падэшвай, фурнітурай з нержавеючых сплаваў і нават шнуркамі, зробленымі з нейлону, а не з ваксаванай бавоўны. Найбольшую папулярнасць атрымалі чаравікі адметнага жоўтага колеру, які брэнд называе «мядовым». Сёлета флагманская прадукцыя брэнда чаравікі Yellow Boots адзначыла свой 50-гадовы юбілей.
Чаравікі ад БелАЗа вонкава вельмі падобныя, толькі на беларускім абутку на месцы амерыканскага лагатыпа ў выглядзе дуба красуецца сілуэт жодзінскага самазвала, а зверху - назва прадпрыемства. Параўнайце самі.
А вось цана, як бачна на скрыншотах з дзвюх інтэрнэт-крамаў — БелАЗа і беларускай інтэрнэт-крамы адзення і абутку lamoda.by, адрозніваецца ў 10 разоў (на некаторых іншых гандлёвых пляцоўках чаравікі Timberland, заяўленыя як арыгіналы ад амерыканскага брэнда, можна знайсці танней, але не нашмат - ад 950 рублёў).
Пакуль у каталогу БелАЗа за 120,93 рубля прадстаўлены дзве мадэлі - класічнага для Timberland «мядовага» і чорнага колераў. Памерны шэраг - ад 40-га да 44-га.
Як сцвярджае вытворца, верх чаравік выкананы са «100%-й скуры», а матэрыялы агулам «падбіраліся з улікам іх выкарыстання ў агрэсіўным асяроддзі».