Эксперт назваў найлепшую зброю для ўдараў па аб'ектах у РФ
- 10.11.2024, 20:21
Яна ўжо ёсць ва Украіны.
Украіна мае шырокі парк беспілотнікаў, якія могуць лётаць на вялікую адлегласць і падбіваць ваенныя аб'екты ў РФ. Сярод іншага, дроны могуць гэта рабіць на рознай хуткасці – ці з рэактыўнай цягай, ці са звычайнымі рухавікамі ўнутранага згарання. Пра гэта расказаў ваенны эксперт, вытворца сродкаў радыёэлектроннай барацьбы Анатоль Храпчынскі ў інтэрв'ю «Украінскаму радыё», каментуючы масаваную дронавую атаку па тэрыторыі РФ 9 лістапада, пра якую заяўлялі расейцы.
«Цяпер галоўнай цэллю з'яўляецца выбіванне стратэгічных магчымасцяў РФ. Размова ідзе пра вытворчасць зброі і вытворчасць беспілотнікаў. Калі не памыляюся, у Тульскай вобласці ёсць завод, які вырабляе менавіта выбухоўку, і гэта найважнейшы момант. Страта пэўных кампанентаў можа застопарыць стварэнне цяжкай зброі. Аднак давайце дачакаемся спадарожнікавых здымкаў, каб паглядзець, наколькі была нанесеная шкода», – адзначыў ён.
Паводле ягоных словаў, беспілотныя сістэмы добрыя для адпрацоўкі ў вытворчых магутнасцях, аднак найлепшай зброяй з'яўляецца тая, якая можа данесці больш як 450 кг карыснай нагрузкі.
«Дроны даносяць да 100 кг і насамрэч мы выкарыстоўваем такую іх колькасць для таго, каб нанесці значны ўдар. Калі мы хочам пашкодзіць вытворчасць БПЛА, якія кожную ноч тэрарызуюць Украіну, то трэба ўспомніць удар па Алабузе і разумець, што ў Ленінградскай і Маскоўскай абласцях ёсць вытворчыя магутнасці, якія вырабляюць беспілотнікі. Тут трэба было б якасна адпрацаваць ракетнымі магчымасцямі», – падкрэсліў эксперт.
Вытворца сродкаў РЭБ адзначыў, што Украіна мае пэўныя праблемы ў выяўленні гэтых сістэмаў, бо ракеты з'яўляюцца больш зразумелымі для сродкаў СПА.
«Беспілотнікі ж з'яўляюцца новым выклікам, таму Расея вельмі часта іх “паглынае”, бо не бачыць. Але, тым не менш, ёсць перспектыўнае развіццё нашых сістэмаў, якія дазволяць нам працаваць. Таксама трэба размаўляць з нашымі заходнімі партнёрамі пра вылучэнне магчымасцяў. І трэба развіваць нашу балістычную праграму, каб мець сваю балістыку... Яна ў нас ёсць, але яе мала, яе трэба маштабаваць», – падкрэсліў Храпчынскі.