У Польшчы ўвялі ў эксплуатацыю найбуйнейшую ў краіне газавую электрастанцыю
- 12.11.2024, 11:48
І адну з самых сучасных у Еўропе.
Польская дзяржаўная кампанія Polska Grupa Energetyczna увяла ў эксплуатацыю найбуйнейшую газавую электрастанцыю ў Польшчы і адну з самых сучасных у Еўропе магутнасцю 1366 МВт. Як піша liga.net, пра гэта паведамілі ў PGE.
Адзначаецца, што ўведзеная ў эксплуатацыю электрастанцыя будзе вырабляць дастаткова электраэнэргіі для задавальнення 5 адсоткаў ад нацыянальнага попыту.
«Новыя інвестыцыі ўмацуюць энэргетычную бяспеку Польшчы і забяспечаць стабільнае энергазабеспячэнне больш як 3 млн хатніх гаспадарак», - заявіў генеральны дырэктар PGE Дарыюш Марзэк.
Электрастанцыя PGE Gryfino Dolna Odra размешчаная ў Заходне-Паморскім ваяводстве на паўночным захадзе Польшчы.
Электрастанцыя складаецца з двух газавых і паравых блокаў нумар дзевяць і дзесяць магутнасцю 683 МВт кожны. Яе намінальная эфектыўнасць перавышае 63 адсоткі, што больш як на 70 адсоткаў вышэй, чым у старых вугальных блокаў.
Хуткасць запуску электрастанцыі ад халоднага стану да тэхнічнага мінімуму складае чатыры гадзіны, а ад гарачага да тэхнічнага мінімуму - 30 хвілін.
Электрастанцыя спраектаваная такім чынам, каб адпавядаць строгім абмежаванням выкідаў згодна з вывадамі НДТ для газа-і парасілавых установак. Выкіды пылу і аксідаў серы будуць зведзеныя амаль да нуля, што будзе мець значны ўплыў на якасць паветра ў рэгіёне.
Каэфіцыент выкідаў новай электрастанцыі складае прыкладна 330 грамаў СО2 на квт-г вырабленай электраэнэргіі, што амаль утрая ніжэй, чым у вугальных блокаў электрастанцыі "Дольна-Одра".
Польскі ўрад узяў на сябе абавязанне прытрымлівацца стратэгіі паступовай адмовы ад выкарыстання вугалю і скарачэння выкідаў, шляхам развіцця аднаўляльнай і ядзернай энэргетыкі. Аднак першую АЭС запланавана запусціць у працу не раней за 2035, таму газавая генерацыя адыгрывае важную ролю.