Літва будзе збіваць беларускія дроны
- 12.11.2024, 17:07
Новыя захады накіраваныя супраць кантрабанды.
Сейм Літвы дазволіў збіваць лятаючыя аб'екты з агнястрэльнай зброі. Гаворка ідзе пра метэазонды, дроны і паветраныя шары.
Такі дазвол атрымалі афіцэры ўсіх устаноў, якія паводле закона могуць мець пры сабе агнястрэльную зброю, піша літоўскае выданне LRT. Новыя захады накіраваныя супраць кантрабанды, якую перавозяць дронамі, метэазондамі і іншымі невялікімі лятаючымі аб'ектамі.
Выпадкі кантрабанды цыгарэт з Беларусі ў Літву па паветры пачасціліся са жніўня. Груз мацуюць да паветранага шара, той перасякае мяжу і праз некаторы час зніжаецца, а кантрабандысты ў Літве праз сігнал GPS знаходзяць цыгарэты.
Сейм таксама дазволіў усталёўваць беспалётныя зоны на адлегласці аднаго кіламетра ад аб'екта крытычнай інфраструктуры, размешчаныя ў гарадской мясцовасці. І на адлегласці трох кіламетраў ад аб'ектаў, размешчаных у сельскай мясцовасці.
Гэта зрабілі з ініцыятывы Міністэрства ўнутраных спраў. Прычынай стаў інцыдэнт, калі шары з кантрабандай прызямліліся ў аэрапорце Вільні.