Джонсан прадказаў адпраўку войскаў Брытаніі ва Украіну і назваў умову
Экс-прэм'ер-міністр Вялікай Брытаніі зрабіў жорсткую заяву.
Экс-прэм'ер-міністр Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан заявіў пра магчымую адпраўку брытанскіх войскаў на дапамогу Украіне. На такі захад Лондан можа пайсці, калі абраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп скароціць ваенную дапамогу Кіеву.
Пра гэта піша газета The Telegraph (пераклад – dialog.ua).
Джонсан мяркуе, што Вялікая Брытанія павінна будзе ўмяшацца ў гэтую вайну непасрэдна, калі з'явіцца пагроза паразы Кіева. Гэтага сцэнарыя Еўропа не павінна дапусціць дзеля ўласнай бяспекі.
«Калі Украіна ўпадзе, то мы сутыкнемся з яшчэ большай пагрозай на нашых межах, на межах Еўропы, дзе дэмакратыі будуць датыкацца з Расеяй», – сказаў былы прэм'ер.
Ён удакладніў, што цяжкія наступствы ўкраінскай паразы адчуюць на сабе, у першую чаргу, краіны Балтыі і Грузія. Таксама гэта ўскалыхне Ціхаакіянскі рэгіён.
«Хачу звярнуцца да людзей, якія не разумеюць, навошта нам падтрымліваць украінцаў. Таму што ў адваротным выпадку наша калектыўная бяспека будзе падарваная Расеяй, якая ўзмацнілася, розныя часткі Еўропы апынуцца пад пагрозай», – сказаў Джонсан.
Ён дадаў, што для недапушчэння такога катастрафічнага сцэнарыя можа спатрэбіцца адпраўка ва Украіну брытанскіх войскаў.
Разам з тым ён заявіў:
«Гэта той самы Трамп, які зрабіў вялікі ўнёсак у лёс Украіны, калі санкцыянаваў пастаўку ёй “Джавелінаў”. Калі б ён гэтага не зрабіў, бітва за Кіеў магла б скончыцца зусім па-іншаму», – заявіў Джонсан.