У Літве знайшлі метэазонды з буйной партыяй цыгарэтаў
- 12.11.2024, 21:35
Кантрабандысты сталі часцей звяртацца да такога метаду праз агароджу на мяжы.
Літоўскія памежнікі знайшлі 25 тысячаў пачкаў кантрабандных цыгарэтаў з Беларусі, якія прыляцелі на 14 метэаралагічных аэрастатах, паведамляе Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.
Служба аховы дзяржмяжы Літвы затрымала пяцярых чалавек, якія падазраюцца ў датычнасці да транспартавання нелегальных цыгарэтаў. У сувязі з перавозкай акцызных тавараў пачатае дасудовае расследаванне і некалькі адміністрацыйных справаў.
Усяго сёлета ў Літву з Беларусі быў накіраваны 351 метэаралагічны шар, а колькасць перахопленых склала 138. За ўвесь 2022 год не было зафіксавана ніводнага выпадку кантрабанды, якая перапраўлялася б шарамі, а ў 2023 годзе былі зафіксаваныя толькі тры такія спробы.
Кантрабандысты сталі часцей звяртацца да такога метаду праз агароджу на мяжы з Літвой, закрытыя памежныя пераходы, сістэмы відэаназірання ўздоўж агароджы і іншыя дадатковыя захады.
«У выніку колькасць кантрабандных цыгарэтаў, якія ўвозяцца ў Літву, значна скарацілася. Сёлета памежнікі перахапілі больш за 1 мільён 124 тысячы пачкаў незаконных цыгарэтаў. Летась за той самы перыяд гэты паказнік склаў больш за 2 мільёны 441 тысячу пачкаў, а ў 2022 годзе, з пачатку студзеня да 12 лістапада, ён склаў больш за 3 мільёны 128 тысячаў пачкаў», – падсумоўвае Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.