BE RU EN

Больш за месяц невядомае месцазнаходжанне палітвязня Аляксандра Францкевіча

  • 13.11.2024, 16:51

Ягоная маці таксама знаходзіцца пад вартай паводле крымінальнай справы.

У чэрвені ў судзе Ваўкавыскага раёна палітвязню Аляксандру Францкевічу, які быў асуджаны раней да 16 гадоў і дзявяці месяцаў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму, дадалі яшчэ адзін год зняволення. Яго абвінавацілі на падставе ч.2 арт. 411 КК («злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі»), паведамляе ПЦ «Вясна».

Да разгляду апеляцыйнай скаргі яго ўтрымлівалі ў баранавіцкім СІЗА-6, адкуль на пачатку кастрычніка этапавалі ў калонію, але якую - невядома. З таго часу яго блізкія не атрымлівалі ад яго ні лістоў, ні паведамлення з папраўчай установы, куды яго накіравалі для адбывання пакарання.

Таму фактычна больш за месяц нічога невядома пра стан і месцазнаходжанне Аляксандра. Маці палітвязня зараз таксама знаходзіцца ў зняволенні ў межах крымінальнай справы.

Раней палітвязня прызналі вінаватым па шэрагу цяжкіх крымінальных артыкулаў. У верасні 2022 года Аляксандру прызначылі 17 гадоў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму і штраф у суме 700 базавых адзінак (22 400 беларускіх рублёў ці больш за 8 800 даляраў).

28 лютага 2023 года ў Вярхоўным судзе ў закрытым рэжыме адбыўся разгляд апеляцыйных скаргаў. Судовая калегія пад старшынствам суддзі Аляксея Рыбакова пакінула без задавальнення скаргу, а тэрмін Францкевіча скараціла на тры месяцы. Такім чынам, канчатковы тэрмін зняволення Аляксандра - 16 гадоў і 9 месяцаў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.

Адбываць тэрмін палітвязня спачатку накіравалі ў Івацэвіцкую калонію №5, але пазней перавялі ў Ваўкавыскую ВК-11. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, з верасня 2023 года Аляксандра змясцілі ў ПКТ на паўгода, а таксама неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА.

У траўні 2024 года стала вядома, што супраць Аляксандра распачатая крымінальная справа на падставе арт.411 КК («злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі»). Палітвязень доўгі час знаходзіўся ў ПКТ.

Суд над ім адбыўся ў судзе Ваўкавыскага раёна 24 чэрвеня 2024 года. Суддзя Мікалай Сяргейка прызнаў палітвязня вінаватым і прысудзіў яму яшчэ адзін год зняволення. Да апеляцыі Аляксандр быў у СІЗА №6. Пасля апеляцыі палітвязня накіравалі ў папраўчую калонію, але дагэтуль невядома, у якую.

19 ліпеня стала вядома аб затрыманні маці палітвязня - Таццяны. Яе абвінавачваюць у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» паводле арт.361-4 Крымінальнага кодэкса. Жанчыну ўтрымліваюць пад вартай у віцебскім СІЗА-2.

Апошнія навіны