BE RU EN

Кіраўніком рэспубліканцаў у Сенаце ЗША стане праўкраінскі палітык

  • 13.11.2024, 20:50

І прыхільнік актыўнай пазіцыі Амерыкі на сусветнай арэне.

Новым кіраўніком рэспубліканскай фракцыі ў Сенаце ЗША стане сенатар ад Паўднёвай Дакоты Джон Тун, які неаднаразова выказваўся за падтрымку Украіны.

Пра гэта паведамляе BBC.

63-гадовы Тун перамог пасля другога раўнду выбараў лідара рэспубліканцаў у Сенаце, атрымаўшы 29 галасоў, у той час як Джон Корнін з Тэхаса атрымаў 24.

Сенатар ад штата Флорыда Рык Скот, якому аддавалі перавагу прыхільнікі Дональда Трампа – сярод іншых былы вядоўца Fox News Такер Карлсан – выбыў у першым туры, набраўшы толькі 13 галасоў.

Джон Тун працуе ў Сенаце з 2004 года, а да нядаўняга часу быў намеснікам Мітча Маканэла – цяперашняга лідара рэспубліканцаў, які пакідае пасаду. Тун уважаецца за дасведчанага заканадаўцу, які прытрымліваецца больш цэнтрысцкіх пазіцый і мае наладжаныя стасункі з большасцю калег-рэспубліканцаў у Кангрэсе.

У сваіх папярэдніх заявах Тун актыўна выказваўся ў падтрымку Украіны. У сакавіку, калі прадаўжаліся дыскусіі аб прыняцці шматмільярднага пакета дапамогі Кіеву, ён заяўляў, што «Амерыка не можа самаўхіліцца з сусветнай арэны».

Апошнія навіны