У Калінкавічах супрацоўніца ювелірнай майстэрні скрала больш за кілаграм золата
- 14.11.2024, 12:14
За сем год працы.
Прыёмшчыца заказаў ювелірнай майстэрні за сем гадоў работы змагла вынесці адтуль больш за кілаграм золата. Нядаўна над ёй прайшоў суд, перадае БелТА.
60-гадовую жанчыну абвінавацілі ў прысваенні і растраце даручанай маёмасці ў асабліва вялікай суме.
Паводле звестак пракуратуры, з траўня 2015 года да чэрвеня 2022-га работніца забірала сабе каштоўны метал, атрыманы ў якасці даплат для аформленых ёю заказаў на выраб ювелірных вырабаў. Акрамя таго, яна забрала сабе вырабы абменнага фонду і атрыманы ад заказчыкаў лом каштоўнага металу.
Махінацыі выявіліся падчас інвентарызацыі, якая паказала, што абвінавачаная вынесла не менш за 1,1 кг золата 583 пробы коштам звыш 80 тысяч рублёў. Да таго ж яна залезла яшчэ і ў касу: забрала адтуль каля 1,4 тысячы рублёў.
Жанчына віну не прызнала, шкоду не кампенсавала.
У выніку суд Калінкавіцкага раёна прызнаў яе вінаватай у прысваенні даручанай маёмасці і пакараў трыма гадамі пазбаўлення волі з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, таксама яе абавязалі выплаціць штраф сумай 50 базавых адзінак (дзве тысячы рублёў).
Акрамя таго, жанчыне на пяць гадоў забаранілі займаць пасады, звязаныя з улікам, захоўваннем і распараджэннем матэрыяльнымі каштоўнасцямі.
Суд таксама спагнаў з абвінавачанай на карысць ювелірнай майстэрні шкоду, якую яна прычыніла. Прысуд уступіў у законнае дзеянне.