Беларускім кіроўцам забаранілі здзяйсняць некаторыя манеўры
- 15.11.2024, 10:11
ДАІ ўстурбавалася пасля выпадзення першага снегу.
У ноч з 14 на 15 лістапада беларускую сталіцу накрыў мокры снег. Праз патэнцыйна небяспечную галалёдзіцу на дарогах Белгідрамет таксама абвясціў на раніцу 15 лістапада жоўты ўзровень метэанебяспекі, а ў ДАІ Менска далі каштоўныя рэкамендацыі, параіўшы кіроўцам адмовіцца ад некаторых манеўраў, перадае “Тэлеграф”.
Да раніцы пятніцы, 15 лістапада, усе сацсеткі апанавалі "снежныя" ролікі менчукоў. Некаторыя, відавочна, засумавалі па зімовых забавах і з непадробным задавальненнем ляпілі першыя снежкі і спяшаліся зняць на відэа першыя няўпэўненыя сняжынкі, пакуль тыя не ператворацца ў малапрыемную лістападаўскую слоту пад нагамі.
Аднак праваахоўныя органы, зыходзячы з уласнага досведу, усеагульнага замілавання і радасці не падзялілі: МУС і Дзяржаўтаінспекцыя апублікавалі свае папярэджанні-рэкамендацыі для аўтамабілістаў і пешаходаў у сувязі з першым снегам. Ведамствы заклікалі ўсіх удзельнікаў дарожнага руху "праяўляць падвышаную асцярожнасць".