Валютны рынак Беларусі «штарміць»
Эканамістка патлумачыла, з чым гэта звязана.
Зніжэнне беларускага рубля да гістарычнага мінімуму да даляра звязанае з тым, што нашая валюта адрэагавала на ваганні расейскай да амерыканскай. Пра гэта выданню «Позірк» распавяла эканамістка Настасся Лузгіна.
Даляр на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы 14 лістапада ўстанавіў чарговы рэкорд - 3,3635 рубля.
- Мы не можам казаць, што адбываецца зніжэнне курсу нацыянальнай валюты ў дачыненні да замежных валют. Пакуль беларускі рубель рэагуе рознанакіравана - да далара зніжаецца, да расейскага рубля ўмацоўваецца, - сказала Настасся Лузгіна, адзначыўшы, што валюта РФ падае і набліжаецца да адзнакі 100 рублёў за даляр.
Беларускі рубель заўсёды рэагуе на змены расейскага, падкрэсліла экспэртка.
- Бо Расея з'яўляецца асноўным гандлёвым партнёрам Беларусі, значныя разлікі паміж краінамі адбываюцца менавіта ў расейскіх рублях, - удакладніла эканамістка. - Калі б на зніжэнне курсу беларускага рубля да даляра ўплывалі нейкія ўнутраныя фактары, што азначала б наяўнасць праблемы дэфіцыту валюты ў Беларусі, то рубель павінен быў бы зніжацца да іншых валют. У дачыненні да расейскай ён таксама зніжаўся б ці стаяў на месцы.
Эканамістка дадала, што зараз рынкавыя механізмы спрацоўваюць так, што беларускі рубель паўтарае тэндэнцыі, але не цалкам капіюе ваганні расейскага рубля.