BE RU EN

Літва прыдумала, як скараціць чэргі на мяжы перад Новым годам

  • 15.11.2024, 16:32

Раней даўжыня чаргі перад святамі магла дасягаць 23 кіламетраў.

Урад Літвы са снежня ўводзіць абавязковую папярэднюю рэгістрацыю для кіроўцаў грузавікоў, якія плануюць уезд у краіну. Гэты захад накіраваны на змяншэнне значных чэргаў, якія ўтварыліся на мяжы з Беларуссю, паведамляе мясцовае выданне LRT.

Рэгістрацыя пачнецца 1 снежня, і кіроўцы змогуць прыбываць у зону чакання бліжэй да запланаванага часу, пазбягаючы доўгіх гадзін чакання ў чарзе без належных умоў. Каб скарыстацца электроннай чаргой, трэба заплаціць рэгістрацыйны збор.

«Папярэдняя рэгістрацыя ўсёй грузавой тэхнікі ў электроннай чарзе з'яўляецца важным захадам для павышэння агульнага ўзроўню бяспекі на мяжы з Беларуссю і Расеяй. І для таго, каб на нашых памежных пунктах больш не ўтвараліся кіламетровыя чэргі з прычэпаў», - адзначаюць у Міністэрстве транспарту і камунікацый Літвы.

Паводле інфармацыі ведамства, найбольш доўгія чэргі фіксуюцца на граніцы з Беларуссю ў снежні і красавіку, перад святамі Калядаў і Вялікадня. Раней максімальная даўжыня чаргі дасягала 23 кіламетраў, у якой чакалі 900 грузавікоў.

Апошнія навіны