Беларускіх школьнікаў прымушаюць глядзець новы твор «Беларусьфільма»
- 15.11.2024, 17:43
Прэм'ера адбылася 11 лістапада.
Не толькі на «патрыятычныя», але і на нейтральныя дзіцячыя фільмы школьнікаў у Гомельскай вобласці водзяць па разнарадцы. Як стала вядома «Флагштоку», рэгіянальныя філіялы дзяржпрадпрыемства «Гомелькінавідэапракат» разаслалі ў навучальныя ўстановы лісты з просьбай «пасадзейнічаць у максімальным наведванні кінасеансаў» новага беларускага анімацыйнага фільма «Песня Сірын».
Просьбу абгрунтоўваюць «вялікім значэннем фільма ў працы з падрастаючым пакаленнем» і тым, што ён «нацэлены на знаёмства школьнікаў і моладзі з нацыянальнымі традыцыямі і культурай у процівагу псеўдасвятам, якія маюць у сваёй аснове замежныя культы нячыстай сілы (Хэлоўін)».
Пры гэтым, як адзначае «Флагшток», у стужцы «Беларусьфільма» эпізоды з «нячыстай сілай» — «больш хвалюючыя за вечарынкі на Хэлоўін». Выданне зрабіла скрыншоты трэйлера фільма.
У апісанні фільма гаворыцца аб тым, што ён «апускае ў дзіўны свет славянскага фальклору, у якім жывуць казачныя істоты і старажытныя багі». Прэм'ера адбылася 11 лістапада.