Расейскія НПЗ пачалі спыняцца
- 15.11.2024, 21:01
І не толькі праз напады дронаў УСУ.
Шэраг расейскіх нафтаперапрацоўчых заводаў быў вымушаны спыніць працу праз нерэнтабельнасць ва ўмовах росту коштаў сырой нафты і ўдараў украінскіх дронаў. Пра гэта піша Reuters са спасылкай на ўласныя крыніцы ў галіне.
Пяць крыніцаў у кампаніях, якія кіруюць расейскімі НПЗ, кажуць, што тры заводы – Туапсінскі, Ільскі і Новашахцінскі – прыпынілі або скарацілі вытворчасць за апошнія месяцы.
«Закрыццё падкрэслівае барацьбу расейскай нафтаперапрацоўчай прамысловасці, якая трапіла ў поле зроку нападаў украінскіх беспілотнікаў, заходніх санкцый супраць Расеі, якія прымушаюць нафтаперапрацоўнікаў прадаваць паліва са зніжкай, а таксама высокіх адсоткавых ставак», – гаворыцца ў публікацыі.
Найбольш пацярпелі тыя нафтаперапрацоўчыя заводы, якія маюць найменш сучасную тэхналогію перапрацоўкі. Не маючы магчымасці вырабляць даражэйшае паліва прэміюм-класу, яны страчвалі ў сярэднім да 10000 рублёў (102 даляры) на кожнай тоне нафты цягам некалькіх апошніх месяцаў.
Некаторыя больш сучасныя нафтаперапрацоўчыя заводы таксама працавалі з невялікімі стратамі, у той час як іншыя атрымлівалі вельмі сціплыя прыбыткі, паведамілі крыніцы.
Праблемай стаў рост унутраных расейскіх коштаў нафты праз паступовую дэвальвацыю рубля. Каб захоўваць рэнтабельнасць, нафтаперапрацоўнікам трэба набываць нафту за 35 тысячаў рублёў за тону, а яна цяпер прадаецца з коштам 50 тысячаў рублёў. Адначасова з гэтым гатовае паліва таннее на сусветных рынках, куды Расея прадае значную частку вырабленага.
Пры гэтым расейскія нафтаперапрацоўнікі не могуць проста перачакаць складаныя часы за кошт крэдытаў, паколькі Цэнтральны банк Расеі павысіў ключавую адсоткавую стаўку да 21%, спрабуючы ўтаймаваць інфляцыю. Гэта зрабіла крэдыты недаступнымі практычна для любога легальнага бізнэсу.