Сякера як дыягназ яшчэ адной хваробы Лукашэнкі
- 16.11.2024, 9:33
Абсурд зашкальвае.
Аналітык Сяргей Чалы расказаў пра сутнасць абсурдных заяваў дыктатара Лукашэнкі.
– Сякеры, якія ягоная ўласная прапаганда празвала «лукашэнкаўскімі» – гэта класічная гісторыя імпартазамяшчэння, – мяркуе эканаміст Сяргей Чалы.
– «Лукашысцкія» сякеры дакладна такія самыя, як фінскія, толькі цяжэйшыя. Гэта прыкладна як імпартазамяшчэнне мікрасхемаў: яны дакладна такія самыя, толькі большыя, – макрасхемы.
Але самае смешнае – гэта тое, як МТЗ падае тое, што яны пачалі выпускаць сякеры: мы, маўляў, увогуле шмат чаго ўжо робім пад брэндам Belarus Tractors, гэта і марозіва, і глазураваныя сыркі, цацачныя мадэлі трактароў, спартовае штодзённае адзенне, кашулі, скураныя торбы, кепкі, тэрмасы, кубкі з фірмовым надпісам.
Ёсць і «Торбачкі трактарыста», у склад якіх уваходзіць каўбаса вяленая, сала, рыбная кансерва, тушонка, булка «Завадская», цыбуля ды іншыя прадукты. А нядаўна на заводзе з'явіўся і мармелад у выглядзе маленькіх трактароў.
Пытанне: а трактары навошта вырабляць? І так, у прынцыпе, можна абысціся з любымі прадпрыемствамі, якія дасталіся нам у спадчыну.
Такой самай «удалай» эканаміст называе ідэю Лукашэнкі ў стварэнні аграпрамысловых аб'яднанняў на Віцебшчыне (умоўна кажучы, са 150 гаспадарак зрабіць 6 буйных). Цяпер кіраўнік заяўляе, што гэта мясцовыя чыноўнікі яго «пераканалі», што ідэю трэба дашліфоўваць, а «калі ўбачым, што ўвогуле нікуды не падыходзіць, мы распусцім іх і гаспадаркі будуць працаваць самі сабой, як раней».
– У часы Гарбачова быў такі анекдот, калі ў гаспадарцы куры паміралі, ім малявалі то кругі, то трыкутнікі, а яны ўсё роўна ўсе памерлі – «а ў мяне яшчэ шмат было ідэй». Вось гэта прыкладна тое самае: мы аб'яднаем, калі не будзе працаваць, раз'яднаем, упэўненасць у сваіх сілах так і прадзімае, – каментуе Чалы эканамічныя эксперыменты дыктатара.