BE RU EN

Байдэн выказаўся ў падтрымку хаўрусу супраць КНДР

  • 16.11.2024, 10:17

Вашынгтон, Сеул і Токіа абвясцілі пра стварэнне трохбаковага сакратарыяту.

Хаўрус ЗША, Японіі і Паўднёвай Карэі супрацьстаіць «небяспечнаму і дэстабілізацыйнаму супрацоўніцтву паміж Паўночнай Карэяй і Расеяй». Пра гэта заявіў прэзідэнт ЗША Джо Байдэн у пятніцу, 15 лістапада, падчас сустрэчы з лідарам Рэспублікі Карэя (РК) Юн Сок Ёлем і прэм'ер-міністрам Японіі Сігэру Ісіба на палях саміту Азіяцка-Ціхаакіянскага эканамічнага супрацоўніцтва (АТЭС) у Ліме, паведамляе «Нямецкая хваля».

«Японія, РК і ЗША катэгарычна асуджаюць пастановы лідараў КНДР і Расеі пра небяспечнае пашырэнне агрэсіўнай вайны Расеі ва Украіне», – падкрэсліваецца ў супольнай заяве трох краінаў.

Сігэру Ісіба заняў пасаду ў кастрычніку, таму сустрэча ў такім складзе адбылася ўпершыню, канстатавала агенцтва Reuters.

Стварэнне трохбаковага сакратарыяту

Пасля перамоваў Вашынгтон, Сеул і Токіа абвясцілі пра стварэнне трохбаковага сакратарыяту, закліканага фармалізаваць фармат і гарантаваць, што гаворка ідзе не проста пра «серыю сустрэчаў», заявіў памочнік прэзідэнта ЗША ў нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван журналістам, якія знаходзіліся з Байдэнам на борце Air Force One.

Збліжэнне Токіа і Сеула ўважаецца за адно з дыпдасягненняў Байдэна на фоне няпростай гісторыі стасункаў дзвюх краінаў пасля японскага каланіяльнага кіравання ў Карэі ў 1910–1945 гадах, канстатавала Reuters. Амерыканскі лідар выказаў спадзяванне на доўгатэрміновасць супрацоўніцтва.

Байдэн папярэдзіў пра эпоху значных палітычных пераменаў

Джо Байдэн на саміце АТЭС папярэдзіў пра надыход эпохі палітычных узрушэнняў. «Цяпер мы знаходзімся ў пункце значных палітычных пераменаў», – перасцярог ён.

Дыктатар Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын 15 лістапада загадаў у найкарацейшыя тэрміны пачаць масавую вытворчасць дронаў-камікадзэ.

Паводле звестак агенцтва Reuters, Паўночная Карэя запусціла беспілотнікі над Паўднёвай Карэй, сярод іншага – над Сеулам і ў беспалётнай зоне вакол офіса прэзідэнта Паўднёвай Карэі Юн Сок Ёля.

Рэспубліка Карэя была вымушаная разгарнуць супрацьпаветраную абарону для збіцця дронаў.

Апошнія навіны