BE RU EN

СМІ: «Прэзідэнт» Абхазіі хаваецца ад паўсталага народа на расейскай вайсковай базе

  • 16.11.2024, 11:01

Апазіцыя заявіла пра «нарошчванне сілаў».

«Прэзідэнт» самаабвешчанай «рэспублікі» Абхазія Аслан Бжанія адпрэчыў патрабаванні апазіцыі і хаваецца на вайсковай базе РФ.

Пра гэта паведаміў абхазскі апазіцыянер Леван Мікаа, паведамляе «Дыялог.UA».

У пятніцу, 15 лістапада, пратэстоўцы захапілі ўрадавыя будынкі непрызнанай Абхазіі. «Уладам» быў абвешчаны ўльтыматум аб адстаўцы. Аднак «прэзідэнт» Бжанія не захацеў страчваць уладу. Ён выступіў з заявай, што прадаўжае працу. Прэс-служба сцвярджае, што ён пакінуў Сухумі пасля сустрэчы з сілавікамі.

Паводле інфармацыі Мікаа, Бжанія хаваецца на тэрыторыі вайсковай базы УС Расеі ў «рэспубліцы».

Верагодна, размова ідзе пра 7-ю вайсковую базу, якая размешчаная ў горадзе Гадаута на ўзбярэжжы Чорнага мора. Гэта найбуйнейшы вайсковы аб'ект Расеі ў непрызнанай «рэспубліцы».

Тым часам абхазская апазіцыя абвясціла пра поўнае спыненне размоваў з мясцовымі «ўладамі», а таксама пра «нарошчванне сілаў».

Паведамляецца, што Бжанія спрабаваў правесці паседжанне «Рады бяспекі», каб аддаць загад пра штурм урадавых будынкаў, захопленых пратэстоўцамі. Мяркуючы з усяго, пастанова так і не была прынятая.

Прычынай пратэстаў у Абхазіі стала спроба мясцовых «уладаў» ратыфікаваць інвестыцыйнае пагадненне з РФ, якое давала крамлёўскім бізнэсмэнам вельмі шырокія правы і прывілеі ў «рэспубліцы».

Апошнія навіны