Кіраўнік МЗС Польшчы анансаваў найважнейшыя перамовы пра вайну ва Украіне
- 16.11.2024, 14:05
Сустрэча пройдзе ў Варшаве.
У Варшаве на наступным тыдні пройдуць перамовы пра вайну РФ супраць Украіны. Польшча анансавала сустрэчу ў фармаце «Веймарскі трыкутнік+».
Пра гэта паведаміў міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі, якога цытуе RMF24.
Як адзначыў кіраўнік МЗС Польшчы, сустрэча ў фармаце «Веймарскі трыкутнік+» адбудзецца ў аўторак, 19 лістапада.
Ён удакладніў, што акрамя кіраўнікоў МЗС Францыі, Польшчы і Нямеччыны чакаецца сустрэча прадстаўнікоў іншых важных еўрапейскіх краінаў. Таксама былі запрошаныя міністр замежных справаў Украіны Андрэй Сібіга і новая галоўная дыпламатка ЕЗ Кая Калас.
«Як бачым, найважнейшыя перамовы пра гэты крызіс пройдуць у Варшаве», – сказаў Сікорскі.