«ЗША і Кітай могуць сумесна націснуць на Пуціна»
- 16.11.2024, 18:14
Для гэтага ў іх ёсць рычагі ціску.
Нягледзячы на самаўпэўненасць Пуціна, РФ залежыць ад дзеянняў іншых краін, між іншым Злучаных Штатаў і Кітая. Калі яны аб'яднаюцца, то Крэмль не будзе мець шанцаў весці агрэсіўную вайну і дыктаваць умовы міру.
Такое меркаванне «24 Каналу» выказаў генерал войска, экс-кіраўнік Службы замежнай разведкі Украіны Мікалай Маламуж. Ён распавёў, якія рычагі ўплыву на Расею мае Кітай і ЗША.
Кітай можа скараціць аб'ёмы закупкі энэргарэсурсаў і абмежаваць пастаўкі ўсіх тэхналагічных камплектуючых.
- КНДР, з якой Расея ўзмацняе супрацоўніцтва, не мае тэхналагічных развязанняў і ў гэтым Пхеньян мала ў чым дапаможа Маскве. Так, можа перадаць старыя ракеты, аднак іх колькасць абмежаваная.
Ён перакананы, што Кітай можа моцна абмежаваць Расею ва ўсіх сектарах, а тым больш палітычна-аператыўна націскаючы на кіраўніцтва Расеі, адыграць адну з ключавых роляў.
- ЗША і Кітай могуць сумесна націснуць на Уладзіміра Пуціна, - адзначыў экс-кіраўнік Службы замежнай разведкі.
Асноўны інструмент ЗША - зніжэнне цаны нафты. Падчас сваёй пераможнай прамовы Дональд Трамп згадваў, што, знізіўшы цэны нафты, можа зрабіць Уладзіміра Пуціна больш кантраляваным для свету, у прыватнасці для Кітая. Калі здабычу будуць нарошчваць і Злучаныя Штаты, і Саудаўская Аравія, то цана сапраўды ўпадзе.
- Гэтую мадэль Захад выкарыстаў яшчэ супраць Савецкага Саюза, які ў выніку разваліўся, - дадаў Маламуж.
Трамп можа раскансерваваць некаторыя крыніцы здабычы нафты. Акрамя таго, ЗША маюць магутны ціск на прынца Савудаўскай Арабіі і іншых арабскіх пастаўшчыкоў, якія могуць знізіць кошт на нафту да 25 - 30 даляраў за барэль. Прыкладна за паўгода гэта прывядзе да калапсу расейскай эканомікі.
Дарэчы, 15 лістапада нафта зафіксавала чарговы спад на рынку. Кошты нафты падаюць на фоне сігналаў з ЗША і Кітая, якія з'яўляюцца найбуйнейшымі эканомікамі свету.