BE RU EN

Удзельнікі пратэстаў у Абхазіі адмаўляюцца пакідаць захоплены «парламент»

  • 16.11.2024, 19:09

Уцекача «прэзідэнта» хочуць адправіць у адстаўку.

Удзельнікі пратэстаў супраць новага інвестыцыйнага пагаднення з Расеяй у "рэспубліцы" Абхазіі ў суботу адмовіліся пакідаць будынак парламента, куды яны ўварваліся напярэдадні, паведамляе ВВС.

Раней "прэзідэнт" "рэспублікі" Аслан Бжанія паабяцаў сысці з пасады прэзідэнта, калі пратэстоўцы пакінуць урадавы комплекс у Сухумі, а на пасаду часовага выканаўцы абавязку кіраўніка "рэспублікі" прызначыць віцэ-прэзідэнта.

"Калі яны пакінуць будынак, я напішу заяву аб сыходзе, і на новых выбарах паглядзім, колькі яны падтрымкі атрымаюць", - цытуе РІА Навіны Бжанію, які зараз знаходзіцца ў сваім родным сяле Тамыш.

Каардынацыйная рада абхазскай апазіцыі раней заклікала грамадзянаў прыйсці да 14:00 па мясцовым часе да "парламента", каб запатрабаваць адстаўкі "прэзідэнта".

У пятніцу, 15 лістапада, абхазскі парламент павінен быў разгледзець новае інвестыцыйнае пагадненне з Расеяй.

Дакумент выклікае ў абхазаў асцярогі, што пашырэнне расейскага бізнэсу ў "рэспубліке" пазбавіць мясцовых заробкаў на турызме.

Пратэсты пачаліся яшчэ ў аўторак, 12 лістапада, з затрымання пяці апазіцыянераў, і працягваліся ўвесь тыдзень.

У суботу ўдзельнікі пратэстаў апублікавалі заяву, у якой адзначылі, што захоп урадавых будынкаў не быў накіраваны супраць цесных сувязяў Абхазіі з Расеяй, але пры гэтым абвінавацілі Бжанію ў "спробе выкарыстоўваць гэтыя сувязі ў сваіх асабістых карыслівых інтарэсах і маніпуляванні імі для ўзмацнення свайго рэжыму".

Расея прызнала "незалежнасць" Абхазіі і Паўднёвай Асеціі ў 2008 годзе пасля пяцідзённай вайны з Грузіяй. Увесь астатні свет лічыць гэтыя рэгіёны часткай Грузіі.

Апошнія навіны