У Менску працуе святлафор, які раздае парады
- 17.11.2024, 10:39
Некаторым удзельнікам руху гэта моцна перашкаджае.
Блогер Какабай паказаў першы ў Менску святлафор, які раздае парады. Усталяваны ён на скрыжаванні вуліц Якуба Коласа і Веры Харужай.
Святлафор нагадвае пешаходам, самакатчыкам і раварыстам, як сябе паводзіць. Сярод яго рэкамендацый, напрыклад, наступныя:
- Паважаныя раварысты і карыстальнікі персанальных мабільных прылад! Перасякаць праезную частку трэба з хуткасцю пешахода.
Гэты святлафор ужо выклікаў хвалю абурэння ў TikTok у жніўні гэтага года. Жанчына, якая жыве ў суседнім доме, паскардзілася, што занадта разумны святлафор нават уначы раздае парады. І наўрад ці нехта захоча прачынацца ад гучнага голасу: «Калі пераходзіш дарогу, трымай дзіця за руку».
У каментарах адна дзяўчына падзялілася, як ледзь не трапіла ў бяду праз гэты «клапатлівы» святлафор: «Я сёння ехала на ровары, спынілася на святлафоры, і голас з нябёсаў як закрычыць: «Не спыняйся!». Я ледзь на чырвоны не ірванула! Ровар выпусціла на праезнай частцы пры пераходзе дарогі! Ледзь заікай не стала. Жах».
Так што ведайце, чаго чакаць на скрыжаванні вуліц Якуба Коласа і Веры Харужай - і не палохайцеся калі што.