BE RU EN

У Бэрліне прайшоў антываенны марш расейцаў

  • 17.11.2024, 19:03

Акцыя сабрала некалькі тысяч чалавек.

У цэнтры Бэрліна ў нядзелю, 17 лістапада, адбылася антываенная акцыя расейскай апазіцыі. Удзельнікі маршу, арганізаванага пад лозунгамі «Не — Пуціну!», «Не — вайне ва Украіне!», «Волю палітычным вязням!», пачалі шэсце ад плошчы Патсдамэрпляц а 16.20 менскага часу, паведамляе «Нямецкая хваля».

Калона дэманстрантаў на пачатак шэсця расцягнулася на 50-70 мэтраў. Яе ўзначалілі Юлія Навальная, Уладзімір-Кара-Мурза ды Ілля Яшын.

Мітынгоўцы прынеслі ўкраінскія сцягі, а таксама бела-сіне-белыя палотнішчы. Адзін з удзельнікаў акцыі прыйшоў з расейскім трыкалорам, што выклікала абурэнне ўкраінцаў.

Паліцыянты ацанілі колькасць удзельнікаў прыкладна ў 1800 чалавек. Паводле ацэнак медыя, марш сабраў ад 3 да 5 тысяч.

У шэрагу краін свету ў гэты ж дзень прайшлі акцыі ў падтрымку Бэрлінскага антываеннага маршу. У Аўстраліі дэманстрацыі адбыліся ў Мэльбурне і Адэлаідзе, у ЗША —у Сан-Францыска. Акрамя таго, паведамляецца аб акцыях у Новай Зэландыі і Японіі.

Апошнія навіны