Зяленскі паказаў удары расейцаў па жылым раёне ў Адэсе
- 18.11.2024, 15:22
Восем чалавек загінулі.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі адрэагаваў на расейскі ракетны ўдар па жылым раёне Адэсы.
“Удар расейскіх тэрарыстаў балістыкай па Адэсе, па жылым раёне. Прылёт на паркоўку”, - напісаў кіраўнік украінскай дзяржавы ў Telegram.
Паводле ягоных звестак, у выніку атакі пашкоджаны шматкватэрны дом, універсітэт і адміністрацыйны будынак.
Зяленскі адзначыў, што зараз вядома пра восем загінулых, яшчэ амаль два дзясяткі чалавек пацярпелі. Прыцягнуты ўсе неабходныя сілы, каб дапамагчы ўсім, хто мае ў гэтым патрэбу.
“Гэта не выпадковыя ўдары - гэта паказальныя ўдары. Пасля званкоў і сустрэч з (расейскім дыктатарам Уладзімірам — рэд.) Пуціным, пасля ўсіх хлуслівых плётак у медыя пра нібыта „ўстрыманне“ ад удараў. Расея паказвае, што яе цікавіць напраўду: толькі вайна. І гэты сігнал варта пачуць ва ўсіх частках свету, ад залаў, дзе сустракаюцца чальцы Групы дваццаці, да ўсіх сталіц свету”, - адзначыў прэзідэнт Украіны.