BE RU EN

За жлобінскі «Металург» будзе гуляць расеец, які краў клюшкі з раздзявальні

  • 18.11.2024, 15:34

У хакеіста - праблемы з крэдытамі.

Жлобінскі "Металург" падпісаў Багдана Пацехіна - 32-гадовага расейца, які двойчы станавіўся чэмпіёнам КХЛ і мае магутную статыстыку ў ВХЛ.

Як жа форварда з такім прафайлам занесла ў Беларусь? Праблемы з крэдыторамі і крадзеж з раздзявалтні і не да такога могуць давесці, піша “Трыбуна”.

У 2021-м Пацехін узяў у прыватнага пазычальніка крэдыт прыкладна на 27 тысяч даляраў стаўкай 8% на месяц. Вярнуць грошы з адсоткамі нападнік павінен быў у верасні 2021-га, аднак крэдытор у названы тэрмін атрымаў толькі адсоткі.

Больш за тое, у жніўні таго года ён звярнуўся да іншага прыватнага крэдытора, узяўшы пад той жа адсотак амаль 50 тысяч даляраў. У заклад на той момант яшчэ нападнік “Магніткі” пакінуў аўтамабіль BMW X6M. І гэтую пазыку Пацехін не вярнуў, таму ўжо ў снежні 2021-га аўто паводле дакументаў перайшло крэдытору.

Увосень 2021-га першы крэдытор патрабаваў у судзе вярнуць яму грошы і аўто ў прыдачу. Пацехін падаў сустрэчны пазоў, заявіўшы, што паводле другой дамовы пазыкі ён ніякіх грошай ад крэдытора не атрымліваў і ніякіх дакументаў не падпісваў.

У ходзе судовага разбору з'явіўся яшчэ адзін бок - адзін з банкаў Магнітагорска. Там распавялі аб спажывецкім крэдыце ў снежні 2020 года на суму блізу 40 тысяч даляраў, каб набыць згаданы аўтамабіль. Па выніку Пацехін выплаціў толькі 60% ад узятых грошай, таму банк таксама прэтэндаваў на аўто.

У адкрытых крыніцах невядома, чым скончылася тая справа (і ці скончылася ўвогуле). Паводле інфармацыі, апублікаванай у траўні 2022-га, на маёмасць Пацехіна суд наклаў арышт. Праўда, за ім заставаўся толькі зямельны надзел у адным з гарадскіх пасёлкаў. На думку аднаго з крэдытораў, усю маёмасць спартовец перапісаў на сваю маці і жонку.

У лістападзе 2022-га з Пацехіным здарылася яшчэ адна дзіўная гісторыя. Краснаярскі "Сокал", за які гуляў хакеіст, заявіў аб скасаванні кантракту.

Telegram-канал “Вброс по борту” расказаў, што кіраўніцтва клуба выкрыла Пацехіна ў крадзяжы клюшак з каманднай раздзявальні. Злодзея вылічылі пасля прагляду запісаў з відэакамер.

Апошнія навіны