BE RU EN

Выезд з Беларусі на аўтамабілі за мяжу стане платным на сталай аснове

  • 18.11.2024, 17:53

Збор увялі вясной 2021 года.

Мясцовы збор за перасячэнне мяжы, або «кавідны» збор, з'явіўся вясной 2021 года. Першапачаткова заяўлялася, што сабраныя сродкі пойдуць «на прадухіленне і барацьбу з каранавіруснай інфекцыяй». Мясцовы збор дзейнічае да 1 лютага 2025 году. Аднак пасля Новага года выезд з Беларусі не стане бясплатным, піша «Наша Ніва».

Няма нічога больш сталага, чым часовае

Пастановы пра ўвядзенне збору за перасячэнне мяжы фармальна прымаліся на рэгіянальным узроўні. Гарадзенская вобласць стала першай, хто ўвёў гэты падатак. Абласная рада дэпутатаў пастанавіла спаганяць 1 базавую велічыню з легкавых і грузавых аўтамабіляў агульнай масай да 5 тонаў з 1 траўня 2021 года да 1 студзеня 2023 года.

Пазней да Гарадзенскай вобласці далучыліся Берасцейская, Віцебская і Гомельская.

Першапачаткова заяўлялася, што сабраныя сродкі пойдуць на змаганне з COVID-19. Аднак, нягледзячы на тое, што да канца 2022 года ўсе забыліся на пандэмію, мясцовыя дэпутаты пастанавілі падоўжыць дзеянне збору да 1 студзеня 2025 года.

На днях першы намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко паведаміў, што з 1 студзеня мясцовы збор з часовага стане сталым і ператворыцца ў звычайны падатак без прывязкі да якой-небудзь канкрэтнай праблемы.

Колькі за дзень дзяржава зарабляе на людзях, якія выязджаюць за мяжу?

Нават з улікам абмежаванняў, уведзеных суседнімі краінамі ЕЗ на ўезд аўтамабіляў з беларускімі нумарамі, з Беларусі ў ЕЗ штодзень выязджае блізу 1300 легкавых аўтамабіляў. Гэта прыносіць дзяржаве 52 тысячы беларускіх рублёў за дзень, што эквівалентна больш як 15 тысячам даляраў за дзень ці блізу паўмільёна даляраў за месяц.

Гэтыя звесткі не ўключаюць малатанажныя грузавыя аўтамабілі (да 5 тонаў), дакладную колькасць якіх складана вылучыць з агульнай статыстыкі грузавых перавозак.

Але 1 базавая велічыня (40 рублёў на гэты момант) – не адзіныя абавязковыя выдаткі, якія павінны аплачваць вандроўцы. За рэгістрацыю ў электроннай чарзе для легкавога аўтамабіля ці матацыкла трэба заплаціць яшчэ 12 рублёў. Для аўтобусаў і грузавікоў плата складае 40 рублёў. Гэты плацёж абавязковы, нават калі чаргі на мяжы няма.

На зваротным шляху трэба прайсці дэзынфекцыю ўсіх транспартных сродкаў, акрамя матацыклаў. Для легкавых аўтамабіляў гэта каштуе 2 рублі.

Такім чынам, каб выехаць з Беларусі ў ЕЗ на легкавым аўтамабілі і вярнуцца назад, мінімальныя выдаткі складаюць 54 рублі (40 за падатак + 12 за электронную чаргу + 2 за дэзынфекцыю).

Апошнія навіны