Палітолаг: Пуцін які раз памыліўся
- 18.11.2024, 18:04
РФ паспрабавала скарыстацца пераходным перыядам перадачы ўлады ў ЗША.
Крэмль не пойдзе на прамыя ваенныя дзеянні супраць NATO ў сувязі з атрыманнем Украінай дазволу ад ЗША выкарыстоўваць ракеты далёкага радыусу для ўдараў па РФ. Пра гэта ў эфіры тэлеканала «FREEДОМ» сказаў палітолаг Уладзімір Фясенка.
«Думаю, што на прамыя вайсковыя дзеянні супраць NATO, тым больш супраць ЗША, Расея не пойдзе. У мяне няма ніякіх сумневаў у гэтым. Яны будуць рабіць асіметрычныя крокі. Ну, дарэчы, і сам Пуцін не так даўно, калі закрануў гэтую тэму, сказаў, што будуць шукаць нестандартныя адказы на гэтую сітуацыю. Таму што не толькі ў Вашынгтоне апасаюцца прамога ваеннага канфлікту паміж NATO і Расеяй, у Маскве яго асцерагаюцца не менш. Рызыкі занадта вялікія», – сказаў ён.
Палітолаг падкрэсліў, што менавіта Расея з'яўляецца ініцыятаркай агрэсіўных дзеянняў, а Захад толькі адказвае замест таго, каб прымаць прэвентыўныя пастановы.
Фясенка прагназуе, што цяпер Расея можа паспрабаваць даваць зброю, напрыклад, еменскім хусітам, якія ваююць ужо супраць кааліцый заходніх краінаў.
«Могуць быць і іншыя агрэсіўныя дзеянні ў выглядзе ўзмацнення дыверсійнай вайны супраць краінаў Захаду. Яна насамрэч ужо ідзе. Проста так, адзінкавымі атакамі, магчыма, не так прыкметна. Пра гэта гавораць заходнія спецслужбы. І вось Расея можа адказваць такім чынам. Могуць быць і іншыя правакацыі. Могуць быць парушэнні, напрыклад, Пагаднення аб выпрабаванні ядзернай зброі. Гэты варыянт таксама абмяркоўваўся», – сказаў ён.
Палітолаг зазначыў, што РФ паспрабавала скарыстацца пераходным перыядам перадачы ўлады ў ЗША, каб узмацніць сваю агрэсію супраць Украіны.
«Менавіта таму здзейснілі свой масаваны ракетны напад цяпер па Украіне. Але яны ўсё ж забыліся, што гаворка ідзе пра ЗША. І калі ўзнікаюць выклікі для аўтарытэту Злучаных Штатаў, я думаю, што пры ўсіх рознагалоссях рэспубліканцаў і дэмакратаў, Трампа і Байдэна, тут будзе кансэнсус – трэба дэманстраваць сілу, трэба дэманстраваць катэгарычнасць. Вось гэта мы цяпер бачым з боку Злучаных Штатаў», – мяркуе Фясенка.
На ягоную думку, Пуцін, які хоча дамаўляцца з Трампам, у выніку можа толькі сапсаваць стасункі з ім яшчэ да таго, як Трамп заступіць на пасаду.
«Але ў любым выпадку падзеі паскараюцца. І Пуцін, які хоча дэманстраваць сілу, мяркуючы, што Захад цяпер аслабеў і знаходзіцца ў прамежкавым стане, я думаю, чарговы раз памыліўся, і яму давядзецца цяпер чарговы раз убачыць, што Захад не будзе заплюшчваць вочы на злачынныя і агрэсіўныя дзеянні Пуціна і пуцінскай Расеі», – заявіў палітолаг.