У Арменіі пасля просьбы Пашыняна пачалі сыходзіць у адстаўку сілавікі
- 18.11.2024, 19:14
Прэм'ер Арменіі расказаў пра скаргі грамадзянаў на злачыннасць і карупцыю, праз якія «ягонае цярпенне перапоўнілася».
Кіраўнік Следчага камітэта Аргішці Кярамян і міністр унутраных справаў Ваге Казаран падалі ў адстаўку пасля адпаведнага закліку прэм'ер-міністра Арменіі Нікола Пашыняна.
15 лістапада Пашынян падчас пасяджэнняў ураду раскрытыкаваў працу судова-прававых і сілавых органаў праз скаргі грамадзянаў на рост колькасці злачынстваў і карупцыю. «Паважаныя калегі, маё цярпенне перапоўнілася. Я вам шчыра ўсім кажу: канец гэтаму надышоў. Гэта не можа прадаўжацца», – прыводзіць ягоныя словы Armenia Today.
У нядзелю выданне Hraparak анансавала адстаўку цэлага шэрагу міністраў і кіраўнікоў установаў, сярод іншых кіраўнікоў МУС Ваге Казарана, Антыкарупцыйнага камітэта – Сасуна Хачатрана, Следчага камітэта – Аргішці Кярамяна, Камітэта дзяржпрыбыткаў – Рустама Бадасяна і міністра тэрытарыяльнай управы Гнела Санасяна.
Сёння Пашынян пацвердзіў на сваёй старонцы ў Facebook, што папрасіў некалькіх чыноўнікаў звольніцца. «Прычыны звароту з такой просьбай не асабістыя, а сістэмныя, пра што я гаварыў публічна», – напісаў ён, падзякаваўшы ім пры гэтым «за ўнёсак і разуменне» ягонага звароту. Прэм'ер таксама падкрэсліў, што не можа адмаўляць заслугі «згаданых партнёраў у развіцці дзяржаўнасці».