BE RU EN

Інфляцыя ў Расеі паводле «індэксу салаты аліўе» дасягнула 70%

  • 18.11.2024, 20:40

У Беларусі таксама разганяецца інфляцыя.

У той час як Расстат ацэньвае інфляцыю ў Расеі на адзінкі адсоткаў, а ЦБ прагназуе, што яна замарудзіцца да 5% у наступным годзе, базавыя харчовыя тавары прадаўжаюць даражэць з двухзначнай хуткасцю.

Прадуктовы набор, неабходны для гатавання навагодняй салаты аліўе, за няпоўныя 11 месяцаў 2024 года стаў даражэйшым амаль на 70%, падлічыла «Парламенцкая газета» на падставе звестак Расстата.

Паводле падлікаў выдання, каб прыгатаваць 800 грамаў аліўе на ўмоўную сям'ю з чатырох чалавек, у лістападзе 2024 года давядзецца выдаткаваць не менш за 348 рублёў, хоць у студзені гэта было 204,83 рубля (69,7%).

Пры гэтым калі гатаваць салату з доктарскай каўбасой, то яе кошт павялічыцца да 414 рублёў, а самай таннай сёлета стане салата з курыным мясам, паводле падлікаў «ПГ».

У «індэкс аліўе» ўключаны 200 грамаў каўбасы, 150 грамаў бульбы, 70 грамаў морквы, 80 грамаў агуркоў – свежых або салёных, 120 грамаў гарошку, два яйкі, 80 грамаў маянэзу.

Афіцыйная статыстыка ацэньвае харчовую інфляцыю як у разы ніжэйшую. Паводле звестак Расстата, на 5 лістапада яна складала толькі 9,3% у гадавым выразе і 6,4% – з пачатку года.

Аднак гэтыя лічбы могуць быць хлуснёй і прапагандай, пісалі ў кастрычніку эксперты Стакгольмскага інстытута эканомікі пераходнага перыяду пры Стакгольмскай школе эканомікі (NIER).

Яны зважалі на тое, што альтэрнатыўныя метрыкі інфляцыі кратна перавышаюць афіцыйныя лічбы. Напрыклад, холдынг «Рамір», якія ацэньвае рост коштаў паводле рэальных пакупак, пацверджаных чэкамі, ацаніў інфляцыю тавараў паўсядзённага спажывання (FMCG) на 87% з пачатку вайны: 33,4% у першы год вайны, 23,2% – у другі і яшчэ 13,7% за 9 месяцаў 2024 года.

Паводле звестак Расстата, гэта толькі 27,1% (11,9% у 2022-м, 7,4% у 2023-м і 5,8% за студзень – верасень 2024-га).

Каб затармазіць інфляцыйны ўсплёск, расейскі ЦБ з лета 2023 восем разоў падвышаў ключавую стаўку і давёў яе да 21% гадавых – самага высокага ўзроўню з 2003 года. На снежаньскім паседжанні стаўка з вялікай верагоднасцю зноў будзе падвышаная, папярэджваў рэгулятар.

Расейскія банкі рыхтуюцца да таго, што стаўка ЦБ будзе павялічаная яшчэ і ў лютым 2025 года – гэта закладзена ў каціроўкі адсоткавых свопаў на міжбанкаўскім рынку, адзначаюць аналітыкі Альфа-банка.

Як паведамляў Charter97.org, у Беларусі таксама разганяецца інфляцыя.

Апошнія навіны