«Прэзідэнт» Абхазіі падаў у адстаўку
- 19.11.2024, 8:55
Сваю пасаду таксама пакідае «прэм'ер-міністр».
“Кіраўнік” непрызнанай “рэспублікі” Абхазія Аслан Бжанія падаў у адстаўку паводле дамовы з апазіцыяй уночы 19 лістапада. Адпаведную заяву апублікавала ягоная прэс-служба.
У апублікаваным дакуменце на імя спікера парламента гаворыцца, што Бжанія сыходзіць з пасады "ў мэтах захавання стабільнасці і канстытуцыйнага парадку ў краіне".
Яго заяву аб адстаўцы 19 лістапада павінен разгледзець абхазскі “парламент”, будынак якога пакуль заняты пратэстоўцамі.
Прэс-служба Бжаніі таксама абнародавала тэкст пагаднення ўлад і апазіцыі, падпісаны абодвума бакамі па выніках перамоў. Згодна з дамоўленасцю, прыхільнікі апазіцыі павінны пакінуць занятыя імі ўрадавыя будынкі ў цэнтры Сухумі і разысціся. У адваротным выпадку Бжанія адкліча сваю заяву.
Выканаўцам абавязкаў "прэзідэнта" Абхазіі прызначаецца "віцэ-прэзідэнт" Бадра Гунба. Акрамя Бжаніі, сваю пасаду таксама пакідае "прэм'ер-міністр" непрызнанай "рэспублікі" Аляксандр Анкваб. Ягоныя абавязкі будзе выконваць Валеры Бганба, які раней ужо займаў гэтую пасаду.
Нагадаем, 15 лістапада ў Сухумі прайшлі масавыя пратэсты каля комплексу ўрадавых будынкаў. Пратэстоўцы пратаранілі грузавіком браму “парламента” і адміністрацыі “прэзідэнта” і праніклі ў будынкі. Яны выступілі супраць ратыфікацыі інвестыцыйнай дамовы з Расеяй. На думку апазіцыі, дакумент напісаны на карысць буйных расейскіх інвестараў і нашкодзіць мясцоваму бізнэсу. Пад іх ціскам улады паабяцалі адклікаць законапраект.