Сібіга паказаў на пасяджэнні ААН дэталь балістычнай ракеты з КНДР, якая атакавала Украіну
- 19.11.2024, 11:00
Ракеты KN-23 могуць несці да 500 кілаграмаў выбухоўкі.
Міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга на пасяджэнні Рады бяспекі ААН з нагоды 1 000 дзён з пачатку поўнамаштабнай вайны паказаў дэталь паўночнакарэйскай балістычнай ракеты KN-23, якая атакавала Украіну.
Пра гэта паведамляе "Інтэрфакс-Украіна" ў аўторак, 19 лістапада.
“Гэта рэальная частка паўночнакарэйскай балістычнай ракеты KN-23, якая біла па Украіне. Такія смяротныя ракеты пастаянна падаюць на нашых людзей”, - адзначыў Сібіга.
Ён расказаў, што такія ракеты могуць несці блізу 500 кілаграмаў выбухоўкі. Апошні раз паўночнакарэйскія ракеты ўдарылі па Броварах Кіеўскай вобласці 13 лістапада.
Са слоў міністра, удзел салдат КНДР у вайне супраць Украіны азначае новы ўзровень эскалацыі.
Сібіга зазначыў, што ў адказ Паўночная Карэя хоча атрымаць ад Расеі тэхналогіі для ракетных, ядзерных і іншых вайсковых праграм.
“Гэта будзе мець наступствы далёка за межамі дзвюх дзяржаў, у Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне. Калі мы дазволім Расеі працягваць агрэсію і заставацца беспакаранай, гэта створыць непрымальныя рызыкі для глабальнай бяспекі, ядзернай бяспекі, навакольнага асяроддзя, міграцыі і іншых сфер”, - падкрэсліў кіраўнік МЗС Украіны.