«Хацелася спадзявацца на цуд беларускай медыцыны, але ён так і не здарыўся»
- 19.11.2024, 11:51
Праўда пра ахову здароўя ў Беларусі.
Беларуска з невялікага райцэнтра расказала сайту Charter97.org, як цяпер выглядаюць паходы да лекараў у нашай краіне:
— Барані Бог хварэць — так кажуць беларусы! А тут хочацца дадаць: барані Бог хварэць у малым горадзе, піша наша чытачка.
Запаліліся ў мяне вочы, пайшла я ў паліклініку, запісалі мяне на дату праз 2 тыдні. І гэта пры тым, што вочы гнояцца ды слязяцца. Два тыдні адпакутавала і ў надзеі пайшла да лекара. Вось толькі надзеі мае імгненна зніклі.
Вырак лекара — інфекцыя. З прапісанага лячэння — тэтрацыклінавая мазь і кампрэсы з цёплай вады. Я яшчэ ад разгубленасці пайшла і шмаравідла купіла, ну а кампрэсы з цёплай вады дакладна дапамогуць як хваробе кашаль.
“Пралячылася” я 10 дзён. І хоць хацелася б мне спадзявацца на цуд беларускай медыцыны, але яго так і не здарылася.
Зразумела я, што ў нашым мястэчку мне не дапамогуць, пачала абзвоньваць цэнтры ў Менску.
“Новы зрок”, які абслугоўваў штодня амаль тысячу пацыентаў, закрылі, у “Воку” сказалі, што яны займаюцца толькі аперацыямі, а не хваробамі.
Але згадала я, можна сказаць, пра астатняга з магікан — “Ладэ”, і выйшла мне запісацца на візіт праз 5 дзён.
З’ездзіла, пачула, што выпадак складаны, таму трэба браць накіраванне ў 10-ю клініку Менска. Вось так я і лячуся, шнурую туды-сюды!
Часу маю досыць, бо пенсіянерка, а вось грошай… А тут заплаці за аўтобус у сталіцу і назад, за прыватнага лекара, потым за лекі. Каб не свой сад-агарод, давялося б жыць надгаладзь у гэтым “аазісе стабільнасці”…