Удары па Расеі ракетамі ATACMS: у WSJ назвалі галоўныя мэты
- 19.11.2024, 11:56
Сярод іх - расейскія аэрадромы.
Пасля атрымання «зялёнага святла» Украіна найперш магла б разгарнуць амерыканскія дальнабойныя ракеты ATACMS у Курскай вобласці, дзе працягваецца аперацыя УСУ, піша The Wall Street Journal.
«Калі сістэма будзе разгорнутая ў Курскай вобласці, ATACMS можа прымусіць Расею адсунуць плацдармы далей ад лініі фронту. У цяперашні час расейскае войска здольнае хутка перакідваць людзей і тэхніку», - гаворыцца ў публікацыі.
Калі ж РФ перамесціць свае войскі далей углыб праз пагрозу ўдараў ракетамі ATACMS, расейцам спатрэбяцца гадзіны, каб дабрацца да фронту, і гэта дасць украінцам больш магчымасцяў для распрацоўкі стратэгіі сваіх нападаў, адзначаецца ў артыкуле.
Указваецца, што іншымі патэнцыйнымі цэлямі для ATACMS з'яўляюцца расейскія аэрадромы, дзе размяшчаюцца бамбавікі і ўдарныя гелікаптэры, якія атакуюць Украіну.
«Магчымасць выкарыстоўваць ATACMS на тэрыторыі Расеі робіць сотні патэнцыйных цэляў даступнымі для Украіны. Дагэтуль Расея магла дастаўляць лагістыку на лінію фронту, не баючыся, што яе патурбуюць. Цяпер склады боепрыпасаў, аэрадромы і плацдармы знаходзяцца ў межах дасяжнасці», - піша WSJ.