BE RU EN

«Віцэ-прэм'еру варта прызнаць, што ва ўрадзе няма мазгоў»

  • 19.11.2024, 16:02

Беларускі выкладчык прайшоўся па заяве чыноўніка Шулейкі.

Намеснік прэм'ер-міністра краіны Юрый Шулейка расказаў, што ў 2024 годзе ў краіне пасадзілі менш бульбы, чым летась: мінулыя гады паказалі, што яе колькасць залішняя. Асабліва дзіўна гучаць гэтыя заявы на фоне дэфіцыту бульбы ў Расеі. Чаму беларускія аграрыі не хочуць зарабіць? Сайт Charter97.org на ўмовах ананімнасці паразмаўляў з выкладчыкам Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі:

- Гэта абсалютна савецкі падыход і заява. І вось чаму. Калі б у Беларусі была створаная добрая база для перапрацоўкі бульбы, пытанне б так не стаяла. Навошта скарачаць плошчы, калі можна засаджваць іх гатункамі, якія добра пасуюць для вытворчасці чыпсаў, бульбы фры, нейкіх іншых паўфабрыкатаў? На перапрацаванай прадукцыі можна зарабіць у разы больш, чым на экспарце сыравіны.

Мы не толькі не працуем у гэтай сферы, дык яшчэ і закупляем кожны год некалькі дзясяткаў тысяч тон. Так, ёсць кліматычныя асаблівасці. Увесну нядрэнна разыходзіцца маладая бульба з цёплых краін, пакуль яшчэ не сабралі беларускую. Але ж і восенню на прылаўках ёсць гэты прадукт з Егіпта, Казахстана, іншых краін.

Можа, варта прызнацца і сказаць, што мы не можам танна і хутка забяспечыць людзей сваёй бульбай? Мы саступаем на гэтым рынку.

Прадпрыемства “Анега” дагэтуль большую частку бульбы на свае чыпсы закупляе за мяжой. Гэта факт. Чаму мы дагэтуль не можа замясціць імпартную бульбу сваёй?

Прыбытковая сельская гаспадарка даўно стала таргетаванай, нішавай. Мы ж бегаем за вялікімі надоямі, тонамі. Сёння ёсць людзі, гатовыя плаціць вялікія грошы за эксклюзіўнае мяса, нейкія рэдкія сыры. Ёсць найвялікшы рынак халяльнай прадукцыі. Мы ж застаёмся сыравінным прыдаткам.

Калі рэзюмаваць, замест расповядаў аб тым, што "нам больш бульбы не трэба", можна было б прызнацца, што "мы без рук і мазгоў, не ведаем, як з ёй працаваць".

Апошнія навіны