«Могуць даляцець да Масквы і знішчыць цэлі з дакладнасцю да правага верхняга акна»
- 19.11.2024, 14:44
Bild даведаўся, ці размаўляў Шольц з Пуціным пра пастаўкі Taurus Украіне.
Канцлер Нямеччыны Олаф Шольц ніколі не абмяркоўваў пастаўкі ракет Taurus Украіне з расейскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным, нават падчас іх нядаўняй тэлефоннай размовы.
Аб гэтым у аўторак, 19 лістапада, піша Bild са спасылкай на свае крыніцы.
Шольц неаднаразова заяўляў, што працягвае блакаваць пастаўкі Украіне нямецкіх дальнабойных ракет Taurus, каб пазбегнуць эскалацыі канфлікту і не ўцягнуць Нямеччыну ў вайну. Гэтую пазіцыю, пішуць журналісты, канцлер паўтарыў на саміце G20 у Рыа-дэ-Жанейра.
«З іх слоў, Taurus могуць даляцець да Масквы і знішчыць там цэлі з дакладнасцю да «правага верхняга акна», – паказвае Bild.
Крыніцы выдання сцвярджаюць, што Шольц не абмяркоўваў з Пуціным пытанне паставак Taurus Украіне. Са звестак Bild, канцлер размаўляў аб пастаўках ракет з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і супольнікамі з NАТО, з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам.
За адмову пастаўляць Украіне ракеты Taurus Шольца крытыкуе нямецкая апазіцыя. Так, Кандыдаты ў канцлеры ад ХДУ/ХСУ і Зялёных Фрыдрых Мерц і Робэрт Хабэк заяўлялі, што адправілі б Кіеву ракеты, калі б узначалілі ўрад.
З інфармацыі журналістаў, Шольц быў у гневе, калі Мерц сказаў, што выставіў бы Пуціну ультыматум - ці спыненне ўдараў па гарадах Украіны, ці пастаўкі Taurus.
Канцлер Нямеччыны пільнуецца думкі, што няядзерная краіна не можа выстаўляць ультыматум ядзернай.