У Беларусі прадаюць недабудаваныя цэхі біяхімічнага завода-гіганта
- 19.11.2024, 17:58
Кошт будынкаў чыста сімвалічны.
У 80-х гадах невялікі беларускі горад Драгічын стаяў на парозе вялікіх перамен. На ўскраіне горада ўрад СССР пастанавіў пабудаваць біяхімзавод па вытворчасці медпрэпаратаў. Тут паспелі ўзвесці частку адміністрацыйных пабудоў і два вялізныя цэхі, але затым фінансаванне спынілася. Некалькі дзесяцігоддзяў цэхі на ўскраіне Драгічына пуставалі, а зараз яны патрапілі на таргі, якія праводзіць «БУТБ-Маёмасць». Кошт будынкаў - чыста сімвалічны, піша Realt.
Недабудаваныя цэхі біяхімічнага завода размясціліся на вуліцы Леніна ў горадзе Драгічыне (Бервасцейская вобласць).
Пастанова аб будаўніцтве ў горадзе завода-гіганта была прынятая ў 1986 годзе. На новым біяхімічным заводзе, які павінен быў заняць тэрыторыю 35 га, збіраліся вырабляць антыбіётыкі і біялагічныя сродкі для аховы раслін. Напрыклад, хімічнае рэчыва «цілазін» планавалі выкарыстоўваць у межах усяго былога саюза.
За некалькі гадоў у Драгічын паспелі завезці частку абсталявання, узвесці некалькі будынкаў і нават пракласці чыгуначную галінку. Аднак у 1994 годзе праз недахоп бюджэтных сродкаў была прынятая пастанова аб спыненні фінансавання будаўніцтва.
Большая частка недабудаваных памяшканняў і гатовых аб'ектаў пасля адышла прадпрыемству «Экзон». Цяпер гэтая фармацэўтычная кампанія размяшчаецца ў будынку, пабудаваным для пажарнай часткі завода.
Будынкі ж двух вялізных цэхаў шмат гадоў былі проста закінутымі.
Зараз няскончаныя пабудовы выстаўленыя на таргі асобнымі лотамі. Першы лот - будынак бытавога корпуса плошчай 2330 квадратаў, другі - будынак інжынернага корпуса плошчай 2321 квадрат.
Недабудаваныя цэхі стаяць на дзялянцы плошчай больш за 2 гектары. Гэтая зямля будзе перададзеная новым уладальнікам у арэнду на 50 гадоў. Зямельныя надзелы можна выкарыстоўваць для размяшчэння аб'ектаў прамысловых прадпрыемстваў, транспартнай, інжынернай інфраструктуры, камунальных і складскіх аб'ектаў.
Новы ўласнік будзе абавязаны ў тэрмін не пазней за пяць гадоў альбо скончыць будаўніцтва цэхаў, альбо ажыццявіць знос і пабудаваць новыя аб'екты.
Пачатковы кошт кожнага лота - 40 рублёў.
Аўкцыён прызначаны на 20 снежня, зарэгістравацца на таргах можна да 17 снежня ўключна.