Шэсць краін Еўропы абвінавацілі Расею ў актывізацыі гібрыдных атак
- 19.11.2024, 19:07
Яны заклікалі тэрмінова ўмацаваць NATO і падтрымалі крэдыт Кіеву на $50 млрд.
Кіраўнікі МЗС шасці еўрапейскіх краін – Вялікай Брытаніі, Нямеччыны, Гішпаніі, Італіі, Польшчы і Францыі - абвінавацілі Расею ў актывізацыі гібрыдных атак у краінах NATO і ЕЗ. Аб гэтым гаворыцца ў супольнай заяве міністраў замежных спраў гэтых дзяржаў памля сустрэчы ў Брусэлі.
«Наша агульная [еўрапейская] бяспека зазнае выклік як ніколі раней у нашым жыцці. Расея сістэматычна атакуе архітэктуру еўрапейскай бяспекі. ...> Эскалацыя гібрыднай дзейнасці Масквы супраць краін NATO і ЕЗ таксама беспрэцэдэнтная па сваёй разнастайнасці і маштабах, і стварае значныя рызыкі для бяспекі», - гаворыцца ў заяве.
Міністры таксама абвінавацілі Расею ў рэвізіянізме, наладжванні сувязяў з Іранам і КНДР і нежаданні весці канструктыўныя перамовы аб вайне ва Украіне. На фоне гэтага кіраўнікі МЗС еўрапейскіх краін заклікалі:
пацвердзіць непахісную ролю «моцнага і адзінага NATO як асновы еўрапейскай абароны і бяспекі, заснаванай на трывалых трансатлантычных сувязях»;
умацоўваць NATO, павялічваючы выдаткі на бяспеку і абарону ў адпаведнасці з папярэднімі абавязкамі (на ўзроўні 2% ВУП і больш);
умацоўваць бяспеку і абарону Еўропы, выкарыстоўваючы ўсе даступныя рычагі, уключаючы эканамічную і фінансавую моц Еўрапейскага Звязу і ўмацоўваючы прамысловую базу Еўропы;
інвеставаць у найважнейшыя вайсковыя магчымасці, уключаючы супрацьпаветраную абарону, кропкавыя далёкія ўдары, беспілотнікі і інтэграваную лагістыку;
павышаць устойлівасць да «кагнітыўнай вайны» і гібрыдных пагроз у Еўропе;
яшчэ больш узмацніць вайсковую, эканамічную і фінансавую падтрымку Украіны, адначасова «вітаючы крэдыт G7 у суме $50 млрд, каб гарантаваць Украіне дастатковыя рэсурсы на наступны год»;
заставацца «непахіснымі ў сваёй падтрымцы справядлівага і трывалага міру для Украіны на аснове Статута ААН, пацвярджаючы, што перамовы аб міры могуць весціся толькі з Украінай», і гарантуючы, што Расея будзе мець наступствы, у тым ліку фінансавыя;
працягваць стрымліваць Расею, «пазбаўляючы Пуціна магчымасці весці агрэсіўную вайну і стрымліваючы нарошчванне вайсковага патэнцыялу Расеі, у тым ліку праз абмежавальныя захады».