BE RU EN

Польскі генерал пра ракеты РФ: Варшава знаходзіцца за 180 кіламетраў ад Беларусі

  • 19.11.2024, 20:25

Раймунд Анджэйчак патлумачыў, чаму Польшча павінна збіваць расейскія ракеты.

Экс-кіраўнік генштаба Польскага войска Раймунд Анджэйчак у інтэрв'ю NV патлумачыў, чаму Польшча павінна збіваць расейскія ракеты над Украінай – да таго, як яны перасякуць яе ўласную мяжу.

«У нас было некалькі сітуацый, калі ракеты перасякалі паветраную прастору Польшчы і ўрэшце прызямляліся. Упершыню гэта была ўкраінская ракета С-300, а другі раз – расейская, першы раз у Польшчы загінулі людзі. У вайне важна дзейнічаць на апярэджанне, і, вяртаючыся ў Ізраіль, калі я глядзеў напад Ірана, то думаў, што гляджу запаволеную здымку – як доўга гэтыя ракеты ляцяць да тэрыторыі Ізраіля праз суседнія краіны, але ў Польшчы мы маем лічаныя секунды, каб адрэагаваць на ракетны абстрэл. Калі нейкая крылатая ракета ляціць над Украінай, я не маю ўяўлення, ці даляціць яна да паўночнай часткі Польшчы ці паўднёвай часткі Польшчы, і з ваеннага гледзішча тут няма двух меркаванняў», – сказаў Анджэйчак, адказваючы на пытанне NV, як ён адносіцца да ідэі, каб Польшча збівала расейскія ракеты над Украінай.

Польскі генерал дадаў, што з палітычнага гледзішча ўсё больш складана, і Польшчы патрэбная кааліцыя з іншымі краінамі NATO, якія гатовыя далучыцца да збівання расейскіх ракетаў.

«Магчыма, адчуванне небяспекі ў Берліне і Парыжы крыху адрозніваюцца, але, ведаеце, Варшава знаходзіцца за 180 км ад мяжы з Беларуссю, і тут у мяне няма двух меркаванняў адносна такой пастановы», – падсумаваў ён.

Апошнія навіны