BE RU EN

Краіны ЕЗ гатовыя падтрымліваць Кіеў пры скарачэнні дапамогі ЗША

  • 19.11.2024, 20:53

Кіраўнікі МЗС шасці краінаў абмеркавалі ў Варшаве перспектывы падтрымкі Украіны і будучыню стасункаў з ЗША.

Найбуйнейшыя эканомікі Еўрапейскага Звязу – Нямеччына, Францыя, Італія і Гішпанія, а таксама Вялікая Брытанія, якая не ўваходзіць у ЕЗ, гатовыя прыняць на сябе ваенную і фінансавую нагрузку, звязаную з дапамогай Украіне пры магчымым скарачэнні падтрымкі Кіева з боку ЗША. Пра гэта заявіў кіраўнік МЗС Польшчы Радаслаў Сікорскі ў аўторак, 19 лістапада, выступаючы перад журналістамі паводле вынікаў ягонай сустрэчы ў Варшаве з міністрамі замежных справаў названых вышэй краінаў з удзелам эстонкі Каі Калас, якая павінна змяніць Жазэпа Барэля на пасадзе вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ у замежных справах і палітыцы бяспекі, паведамляе DW.

«Я з павагай прымаю да ўвагі гатоўнасць найбуйнейшых краінаў Еўрапейскага Звязу ўзяць на сябе цяжар ваеннай і фінансавай падтрымкі Украіны ў сувязі з магчымым скарачэннем удзелу ЗША (у справе падтрымкі Кіева. – Рэд.)», – цытуе кіраўніка польскай знешнепалітычнай установы агенцтва AFP.

Сустрэча міністраў замежных справаў ФРГ, Францыі, Італіі і Польшчы ў Варшаве была прымеркаваная да мяжы 1000 дзён з пачатку расейскага поўнамаштабнага ваеннага ўварвання ва Украіну. Важнай тэмай на гэтым мерапрыемстве было таксама пытанне развіцця стасункаў Еўразвязу і ЗША пасля вяртання ў Белы дом Дональда Трампа. Кіраўнікі МЗС Гішпаніі і Злучанага Каралеўства падключаліся да абмеркаванняў у рэжыме анлайн.

Пуцінская Расея як пагроза еўрапейскай бяспецы

Паводле словаў Сікорскага, пуцінская Расея з яе «імперскімі амбіцыямі» з'яўляецца «не толькі адной з самых буйных пагрозаў у сферы бяспекі для Еўропы, але і адной з самых сур'ёзных пагрозаў для сусветнага парадку». Ён заклікаў хаўруснікаў «катэгарычна супрацьстаяць» гэтаму.

У супольнай заяве дыпламатаў, апублікаванай паводле вынікаў сустрэчы, гаворыцца таксама пра гібрыдныя пагрозы, якія зыходзяць ад Расеі: «Масква ўзмацняе свае гібрыдныя дзеянні (атакі. – Рэд.) супраць краінаў NATO і ЕЗ у дагэтуль нябачаных маштабах і разнастайнасці, што нясе істотныя рызыкі ў сферы бяспекі».

Пра мірнае ўрэгуляванне ва Украіне

Што тычыцца перспектываў мірнага ўрэгулявання ва Украіне, то ўдзельнікі сустрэчы ў Варшаве «былі адзіныя ў меркаванні, што навязванне Украіне мірных пастановаў, якія супярэчаць яе інтарэсам або не прымаюцца грамадствам, негатыўна адбілася б на стабільнасці гэтай краіны», заявіў Радаслаў Сікорскі. «Сцэнары для развязання канфлікту і заканчэння расейскай агрэсіі павінны распрацоўвацца ў цесным супрацоўніцтве з украінскімі ўладамі», – указаў ён.

Кіраўнік МЗС Польшчы дадаў, што краіны – удзельнікі сустрэчы выступаюць таксама за захаванне і ўзмацненне санкцый у дачыненні да РФ, мэта якіх – дамагчыся, каб Расея вывела войскі з тэрыторыі Украіны і аплаціла пасляваеннае аднаўленне краіны. «Санкцыі эфектыўна аслабляюць ваенны патэнцыял Расеі і ізалююць яе эканамічна. Усе шчыліны павінны быць зачыненыя», – цытуе кіраўніка польскай знешнепалітычнай установы агенцтва PAP.

Апошнія навіны