Польшча дамагаецца павышэння мытаў на ўгнаенні з Беларусі на 30–40%
- 19.11.2024, 21:03
Пра гэта паведаміў міністар дзяржаўных актываў Польшчы.
Польскія ўлады дамагаюцца ад ЕЗ увядзення загараджальных мытаў на ўвоз угнаенняў з Беларусі і Расеі. Пра гэта паведаміў міністр дзяржаўных актываў Польшчы Якуб Явароўскі, паведамляе партал WNP.pl.
«Калі мы хочам гарантаваць харчовую бяспеку, мы павінны паклапаціцца і пра вытворцаў угнаенняў у ЕЗ. У нашай стратэгіі дзеянняў мы прынялі прагматычныя меркаванні, мэтай якіх павінна быць увядзенне 30–40% мытаў на імпарт беларускіх і расейскіх угнаенняў. Мы вядзем перамовы наконт гэтага ў Брусэлі і спадзяемся, што яны скончацца поспехам», – заявіў Явароўскі.
Паводле ягонага сцвярджэння, у Варшаве мяркуюць, што больш эфектыўна для спынення ўвозу ўгнаенняў з Беларусі і Расеі павышэнне мытаў, а не спробы ўвядзення санкцый.
«Мы не хочам ісці па шляху санкцый, таму што гэта мяркуе аднадушнасць, якой, як мы ведаем, не будзе. Таму мы ідзем па шляху мытаў. Нам здаецца, што мыта 30–40% павінна спыніць імпарт з Усходу», – указаў палітык.
Ён таксама заявіў, што ўвядзенне загараджальных мытаў дапамагло б польскім вытворцам угнаенняў.