BE RU EN

У Гомельскай вобласці загінуў працоўны

  • 19.11.2024, 21:50

На яго ўпала верхавіна хвоі.

Няшчасны выпадак здарыўся ў Рэчыцкім раёне. У панядзелак на тэрыторыі Дуброўскага лясніцтва на ветравальна-бураломнай лесасецы працавала брыгада працоўных. У нейкі момант на аднаго з мужчынаў упала хвоя. Выратаваць яго не атрымалася – ён памёр на месцы.

«Паводле папярэдніх звестак, на апрацаваным адрэзку лесу брыгада пакінула самотную высокую сасну з надламанай верхавінай для выдалення машынным спосабам. Аднак адзін з вальнікаў самастойна ўзяў бензапілу і стаў рабіць запілы на небяспечным ствале. Падчас працы верхавіна хвоі, даўжынёй 13 метраў, адламалася і ўпала на 42-гадовага мужчыну. Ад атрыманых траўмаў ён памёр да прыезду хуткай дапамогі», – паведамляе Следчы камітэт.

Рэчыцкі раённы аддзел СК праводзіць праверку. Асаблівую ўвагу следчыя аддаюць прычынам гібелі і ўмовам, у якіх працаваў вальнік лесу.

За апошнія некалькі месяцаў гэта не першы выпадак, калі працоўны ў Беларусі гіне ад дрэва, якое ўпала. У верасні ў вёсцы Качына ў Менскім раёне прыціснула дрэвам 17-гадовага студэнта, які дапамагаў расчышчаць тэрыторыю мясцовых могілак.

Апошнія навіны