Пуцін пацярпеў непрыемную паразу
- 2.11.2024, 9:36
Які план Крамля з трэскам праваліўся?
У Расеі прайшоў саміт БРІКС. Уладзімір Пуцін паехаў туды з дзвюма ключавымі прапановамі, якія не былі блізкімі для іншых краінаў.
Нягледзячы на спробы Крамля падаць гэты саміт як «вялікую перамогу» Пуціна, склалася ўсё якраз наадварот. Чаго не атрымалася дасягнуць у расейскага дыктатара, «24 Каналу» расказаў паліттэхнолаг Міхаіл Шэйтэльман.
Штогадовы саміт БРІКС адбыўся ў расейскай Казані 22–24 кастрычніка. У ім удзельнічалі 36 сусветных лідараў. Фактычна ўсе лідары краінаў-чальцоў БРІКС прысутнічалі на саміце, за выключэннем прэзідэнта Бразіліі Лулы да Сілвы, які далучыўся да сустрэчы віртуальна.
Уладзімір Пуцін спрабаваў палітызаваць саміт і навязаць яго ўдзельнікам «альтэрнатыўную пазіцыю» Глабальнага Поўдня датычна расейскай агрэсіі супраць Украіны.
«БРІКС, здаецца, з'яўляецца той адзінай рэччу, пра якую мы можам не хвалявацца. Ён выглядаў як нейкі "клуб пенсіянераў", якія сабраліся разам, каб смачна паесці, вось і ўсё. Пасля таго як у БРІКС дадалі ААЭ, Эфіопію і Іран, гэты клуб зусім не можа працаваць», – падкрэсліў Міхаіл Шэйтэльман.
Цікава, што выніковая дэкларацыя саміту БРІКС складаецца са 134 пунктаў. Паводле словаў паліттэхнолага, гэта проста смешна, бо ніводнае камюніке не павінна змяшчаць такой колькасці пунктаў.
«Гэта азначае, што дэкларацыя проста бессэнсоўная. Дэ-факта ніхто не мог яе прачытаць. А пункты, якія там былі, з'яўляюцца звычайным глупствам. Гэтыя краіны не здольныя прыняць ніякай агульнай пастановы, таму што ў іх зусім розныя эканамічныя сістэмы», – растлумачыў паліттэхнолаг.
Ідэя Пуціна заключалася ў тым, каб зрабіць гэтыя краіны антыамэрыканскім хаўрусам, аднак гэта не спрацавала. Напрыклад, Індыя і ААЭ, відавочна, не гатовыя на такі крок, бо з'яўляюцца блізкімі партнёрамі Злучаных Штатаў.
Таксама правалілася ідэя Пуціна ў стварэнні незалежнай фінансавай сістэмы БРІКС у супрацьвагу заходняй, фактычна прапаноўваючы адмовіцца ад даляра. Гэтую прапанову таксама рэзка адпрэчылі чальцы БРІКС, называючы такі крок проста немэтазгодным.