Украінскія войскі прасунуліся на поўнач ад Суджы ў Курскай вобласці
- 2.11.2024, 10:24
Апублікаваныя мапы.
На Куршчыне прадаўжаецца аперацыя Сілаў абароны Украіны. Украінскія воіны нядаўна прасунуліся на поўнач ад Суджы.
У Глушкоўскім жа раёне цяпер назіраецца пэўнае зацішша. Пра сітуацыю расказалі ў амерыканскім Інстытуце вывучэння вайны (ISW).
Аналітыкі звярнулі ўвагу на геалакацыйныя кадры ад 31 кастрычніка, якія пацвярджаюць прасоўванне ўкраінскіх войскаў у заходнюю і паўднёва-заходнюю частку Рускага Парэчнага, што на поўнач ад Суджы.
Тым часам расейскія прапагандысты запэўнівалі, што акупанты здолелі прасунуцца на ўсход ад Карнявога – ля Крамяннога. Аднак ніякіх пацверджанняў такіх прасоўванняў у адкрытых крыніцах пакуль няма.
Таксама расейскія крыніцы паведамлялі пра штурмавыя дзеянні ўкраінскіх войскаў паблізу Новайванаўкі на паўднёвы ўсход ад Коранева і ў раёне Плехава, што на поўдзень ад Суджы.
Цяпер у Курскай вобласці дзейнічаюць падраздзяленні расейскай 83-й асобнай паветрана-дэсантнай брыгады і 810-й асобнай марской пяхотнай брыгады Чарнаморскага флоту РФ.
У Глушкоўскім жа раёне 1 лістапада назіралася зацішша. Прынамсі, пра баі там не паведамлялі ні ўкраінскія, ні расейскія крыніцы.