BE RU EN

The Telegraph: Украіна вось-вось атрымае ракету, якая можа забіць Пуціна

  • 2.11.2024, 15:43

Абмежаванні на дальнабойныя ўдары фактычна здымаюцца.

Украіна максімальна наблізілася да атрымання ракеты, здольнай падбіць Маскву і стварыць пагрозу асабіста для дыктатара Уладзіміра Пуціна.

Як паведамляе The Telegraph, украінскія сілы рыхтуюцца разгарнуць магутную балістычную ракету «Гром-2». Кіраўнік дэлегацыі Украіны ў NATO Ягор Чэрнеў пацвердзіў амаль поўную гатоўнасць гэтай зброі.

«Паверце, неўзабаве будуць канкрэтныя вынікі, якія ўбачыць не толькі Украіна, але і Расейская Федэрацыя», – сказаў Чэрнеў.

«Гром-2» – што вядома пра ўкраінскую ракету

«Гром-2» – аднаступенная ракета з цвёрдым палівам, здольная несці боегалоўку вагой 500 кг на адлегласць да 500 км. Яна значна пераўзыходзіць магчымасцямі ракету «Кропка» 1970-х гадоў, якая да гэтага часу была найлепшай зброяй такога тыпу ва Украіне. Распрацоўка «Гром-2» прадаўжалася больш за дзесяць гадоў, аднак праект атрымаў прыярытэт толькі пасля пашырэння канфлікту ў 2022 годзе. На фоне расейскіх нападаў на прамысловыя аб'екты ў Дняпры, украінскія спецыялісты закончылі першыя ўзоры «Гром-2», а ў жніўні прэзідэнт Зяленскі абвясціў пра паспяховае выпрабаванне.

Украінскае войска атрымае магчымасць наносіць глыбокія ўдары, якія не патрабуюць ўхвалення ад хаўруснікаў, такіх як ЗША, Вялікая Брытанія і Францыя, якія пастаўлялі высокадакладныя боепрыпасы, але абмяжоўвалі іх выкарыстанне супраць цэляў на расейскай тэрыторыі. Як вынік, Украіна звычайна адказвае на расейскія абстрэлы значна меншай колькасцю боепрыпасаў, пераважна дронамі.

Дзякуючы «Гром-2» абмежаванні на дальнабойныя ўдары фактычна здымаюцца. Адзінай перашкодай застанецца толькі хуткасць вытворчасці новых ракетаў.

Чакаецца, што з пачаткам выкарыстання «Гром-2» украінскія сілы змогуць больш актыўна атакаваць аб'екты ўнутры Расеі, хоць гэта наўрад ці неадкладна паўплывае на сітуацыю на фронце, дзе галоўнай праблемай для Украіны застаецца нястача падрыхтаваных салдатаў.

Апошнія навіны