Чаго беларусам чакаць ад лістапада?
- 2.11.2024, 21:54
Прагноз сіноптыка.
Большую частку восені стаяла цёплае, сонечнае надвор'е, з першых жа дзён лістапада ўжо выразна адчуваецца набліжэнне зімы.
«На прагнозы сусветных метэаралагічных службаў, у лістападзе чакаецца, што сярэдняя тэмпература паветра будзе на 1-1,5°C вышэйшай за норму. У паўночных і ўсходніх рэгіёнах яна складзе ад -1 да +3°C, а ў паўднёвых і заходніх - ад +3 да +6°C. У параўнанні з кастрычнікам, тэмпература паветра панізіцца на 6°C», - паведаміў сіноптык Дзмітрый Рабаў у эфіры праўладнага АНТ.
Ён зазначыў, што «тэмпература паветра паступова зніжаецца, усё часцей становіцца адмоўнай. Пераход сярэднядзённай тэмпературы праз нуль у бок паніжэння азначае сабой пачатак зімы». Агулам гэта адбываецца прыкладна ў сярэдзіне месяца, а ў паўднёва-заходніх рэгіёнах краіны - у трэцяй дэкадзе лістапада.
Працягласць светлавога дня скарачаецца прыкладна на паўтары гадзіны і да канца лістапада складае блізу васьмі гадзін. Сонечных дзён становіцца ўсё менш.
«Цягам месяца чакаецца выпадзенне ападкаў у колькасці, якая перавышае сярэднія шматгадовыя паказчыкі. Прагназуецца ад 16 да 20 дзён з ападкамі, якія будуць усё часцей выпадаць у выглядзе снегу і мокрага снегу разам з парывамі ветру», - прагназуе эксперт.
У начныя і ранішнія гадзіны пры высокай вільготнасці і слабым ветры існуе высокая імавернасць туманаў і галалёду.
«Відавочна, лістапад будзе самым непрыемным месяцам гэтай восені. Праз частыя ўварванні непагодлівых цыклонаў і хуткую змену атмасферных працэсаў надвор'е стане вельмі няўстойлівым, што можа прывесці да экстрэмальных з'яў надвор'я», - рэзюмуе Рабаў.