BE RU EN

Украіна атакавала дронамі Маскву і яшчэ восем рэгіёнаў пасля змены расейскай ядзернай дактрыны

  • 20.11.2024, 14:04

Пагроза Крамля выкарыстаць ядзерную зброю не спыніла налёты.

Уночы 20 лістапада, менш чым праз дзень пасля змены расейскай ядзернай дактрыны, дзевяць расейскіх рэгіёнаў зазналі масаваны напад украінскіх БПЛА, піша The Moscow Times.

Мінабароны РФ дало справаздачу аб знішчэнні 42 апаратаў.

“Над тэрыторыяй Наўгародскай вобласці знішчана 20 БПЛА, пяць БПЛА знішчаныя над тэрыторыяй Курскай вобласці, чатыры БПЛА - над тэрыторыяй Арлоўскай вобласці, па тры БПЛА збіта над тэрыторыямі Белгародскай, Тульскай і Цвярской абласцей, па два БПЛА знішчана над тэрыторыямі”, - гаворыцца ў паведамленні.

Губернатар Бранскай вобласці Вячаслаў Гладкоў паведаміў, што ўчора ў рэгіёне былі знішчаны 24 украінскія дроны. У выніку іх падзення пацярпеў адзін чалавек. Пашкоджанні атрымалі восем прыватных дамоў, чатыры камерцыйныя аб'екты, пяць аўтамабіляў і адно інфраструктурнае прадпрыемства.

Кіраўнік Наўгародскай вобласці Андрэй Нікіцін паведаміў, што ў рэгіёне працягваюцца мерапрыемствы для ліквідацыі наступстваў начнога нападу беспілотнікаў, быў эвакуаваны адзін пасёлак.

“Цяпер праводзіцца агляд тэрыторыі пасёлка Котава. Жыхары пасёлка размешчаныя ў пунктах часовага знаходжання ў г. Акулаўка. Яны забяспечаны гарачым харчаваннем, усім дадзеныя спальныя месцы”, - напісаў ён у сваім тэлеграм-канале. Губернатары Арлоўскай, Бранскай, Смаленскай абласцей пацвердзілі атаку беспілотнікаў, дадаўшы, што пацярпелых і разбурэнняў няма.

Згодна з новай ядзернай дактрынай, якую прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін зацвердзіў напярэдадні, Расея дапускае прымяненне ядзернай зброі ў выпадку атак на сваю тэрыторыю з выкарыстаннем беспілотнікаў, крылатых ракет без ядзернай баявой часткі або пры пагрозе страты часткі сваёй тэрыторыі.

Пры гэтым у новым дакуменце гаворыцца, што Расея будзе разглядаць непрамы ўдзел ядзерных дзяржаў у канфлікце як іх "напад" на РФ. "Агрэсія супраць Расейскай Федэрацыі і (або) яе супольнікаў з боку любой няядзернай дзяржавы з удзелам або пры падтрымцы ядзернай дзяржавы разглядаецца як іх супольны напад", - адзначаецца ў дактрыне.

Прадстаўнік Савета нацыянальнай бяспекі ЗША заяўляў, што ў Вашынгтоне не бачаць прычын карэктаваць сваю пазіцыю аб ядзернай зброі ў адказ на пастанову Расеі. Паводле ягоных слоў, крок Масквы не стаў нечаканым і з'яўляецца працягам той жа безадказнай рыторыкі, якую яна ўвесь час выкарыстоўвае пасля ўварвання ва Украіну. Пры гэтым ён назваў удзел тысяч паўночнакарэйскіх жаўнераў у баявых дзеяннях супраць Украіны сур'ёзнай эскалацыяй з боку Масквы, якая патрабуе мер у адказ.

Такой мерай стаў дазвол выкарыстоўваць амерыканскія ракеты ATACMS для ўдараў углыб па расейскай тэрыторыі, які днямі даў Кіеву прэзідэнт Джо Байдэн пасля многіх месяцаў адмоў. Узброеныя сілы Украіны (УСУ) ужо выкарысталі гэты тып ракет, нанёсшы ўдар па складзе ў Бранскай вобласці, расейскае ваеннае ведамства таксама пацвердзіла гэты факт.

Апошнія навіны