На Камароўцы зноў з'явіліся грыбы
- 20.11.2024, 15:24
Перад надыходам зімы.
Камароўскі рынак у Менску ў сярэдзіне лістапада парадаваў пакупнікоў грыбамі. З-за цёплага верасня грыбны сезон быў змазаны, а цяпер, калі дзённая тэмпература паветра апусцілася ніжэй за 10 градусаў, у продажы з'явіліся апенькі, падзялёнкі і іншыя грыбы, піша Smartpress.by.
Кошт трохлітровага вядзерца маладых апенек - 15 рублёў, пяцілітровага - 25 рублёў, дзесяцілітровага - 40-45 рублёў. Прадаўцы расказваюць, што самі прыемна здзіўлены няхай позняму, але ўсё ж распачатаму сезону грыбоў.
- Толькі пачаліся - і вось-вось скончацца, зіма ж на носе. Ужо падмярзае ў лесе, — расказваюць яны. - Так што калі хто плануе нарыхтаваць грыбы, замарозіць ці проста паласавацца - зараз самы час.
Грыбы прадаюцца ў вёдрах на рынку і за яго межамі (з рук, паміж уваходам у метро і Камароўкай). Апенькі можна купіць як аб'ёмам (вядром), так і на вагу 1 кг каштуе 15-20 рублёў.
Акрамя восеньскіх апенек, у продажы можна знайсці лісічкі, махавікі, маслякі. Усе яны прыкладна адным коштам - па 15 рублёў за 1 кг.
З усесезонных грыбоў, якім мала страшныя капрызы надвор'я, на Камароўскім рынку ў гэтыя дні можна знайсці шэрыя вешанкі і прыгожыя белыя шампіньёны. Каштуюць яны танней - ад 6 да 10 рублёў за 1 кг.
А аматарам экзотыкі можна звярнуць увагу на грыбы эрынгі і энокі — па 35 рублёў за 1 кг. Яны лічацца дыетычнымі і часта выкарыстоўвааюцца ў стравах азіяцкай кухні.