BE RU EN

У Вугоршчыне паведамілі, за колькі гатовы адмовіцца ад расейскай нафты

  • 20.11.2024, 19:14

Будапешт наважыў патаргавацца з ЕЗ.

Вугоршчына гатовая адмовіцца ад расейскай нафты да канца 2026 года, але толькі пры ўмове кампенсацыі на «некалькі сотняў мільёнаў даляраў» з боку Еўразвязу, заявіў Politico віцэ-прэзідэнт вугорскага нафтагазавага канцэрна MOL Д'ердзь Бача.

З яго слоў, MOL гатовы дыверсіфікаваць свае пастаўкі да 2027 года, калі ЕЗ афіцыйна спыніць закупы расейскай нафты, аднак гэта запатрабуе дадатковых выдаткаў у суме $500 млн, «пару сотняў мільёнаў» з якіх павінен выдзеліць ЕЗ. Такая сума, як адзначыў Бача, неабходная для пераабсталявання вугорскіх НПЗ, якія перапрацоўваюць менавіта расейскія гатункі нафты.

Разам з тым ён указаў, што праз абмежаванні ЕЗ прыбытак, які атрымлівае MOL, сёння нулявы. «Мы атрымліваем нулявы прыбытак, бо кампанія займаецца перапрацоўкай, таму яна не мае права на якую-небудзь дапамогу ад ЕЗ, нават калі размова ідзе аб спыненні паставак, нават калі размова ідзе аб бяспецы паставак. Таму мы робім гэта ў сваім тэмпе і тымі коштамі, якія можам сабе дазволіць», - падкрэсліў Бача.

Ён таксама заявіў, што занепакоены тым, што ЕЗ альбо прызначыць пэўную дату спынення паставак, альбо ўжыве дадатковыя абмежавальныя захады ў прамежкавы перыяд. Разам з тым віцэ-прэзідэнт MOL выказаў цікавасць да працягу кантракта з ЛУКОЙЛам (заканчваецца ў чэрвені 2025 года), «калі гэта будзе юрыдычна магчыма».

Вугоршчына, Славаччына, а таксама Чэхія выключаныя з агульнаеўрапейскай забароны на імпарт нафты з Расеі, якая была ўведзеная пасля пачатку вайны РФ ва Украіне. У канцы чэрвеня 2024 года Кіеў абмежаваў транзіт нафты ЛУКОЙЛа праз украінскую тэрыторыю, аднак пастаўкі «Раснафты» і «Татнафты» па трубаправодзе «Дружба» працягнуліся. Вугоршчына і Славаччына паабяцалі звярнуцца ў суд і запыталі Еўракамісію заклікаць Украіну да скасавання гэтай пастановы, аднак атрымалі адмову.

У Еўракамісіі адзначалі, што перапыненыя пастаўкі ўдалося кампенсаваць Вугоршчыне і Славаччыне. Там таксама не ўбачылі магчымых рызык, звязаных з забеспячэннем. Камісар ЕЗ па гандлі Валдзіс Дамброўскіс параіў Будапешту і Браціславе адмовіцца ад нафты з Расеі і шукаць альтэрнатыўныя крыніцы.

Апошнія навіны