BE RU EN

У Лукашэнкі кроў пырснула з вачэй

  • МАРК ДЗЮБА, «САЛІДАРНАСЦЬ»
  • 21.11.2024, 9:11

Дыктатар ставіць рэкорды ў абсурдзе.

У сувязі з прызначэннем "прэзідэнцкіх выбараў" на 26 студзеня 2025 года Аляксандр Лукашэнка стаў праяўляць вялікую інфармацыйную актыўнасць, што стала пакутай для тых, хто сочыць за яго дзеяннямі.

Рэч у тым, што дыктатар не толькі ўмацаваўся ў статусе фейкамета (адзін з апошніх прыкладаў: паводле ягоных слоў, нібыта ў лютым-2022 пасля вучэнняў у Беларусі Расея ўжо вывела палову сваіх войскаў, але астатнюю частку справакавалі на напад на Украіну). Але і ў тым, што Лукашэнка вельмі актыўна генеруе інфармацыйны шум, г.зн. бессэнсоўныя і бескарысныя паведамленні, якія загружаюць нашы галовы непатрэбнай інфармацыяй.

У сувязі з вялізным аб'ёмам гэты інфашум можна нават падзяліць на катэгорыі. Пакажам на прыкладах апошняга месяца:

паўтарэнне старых заяў (Лукашэнка прапанаваў пабудаваць хуткасныя лініі да гарадоў-спадарожнікаў Менска);

выказванні на актуальную міжнародную тэматыку без магчымасці неяк на яе ўплываць (Лукашэнка не выключае пачатак грамадзянскай вайны ў ЗША);

словы з эфектнымі вобразамі, якія не маюць пад сабой ніякіх падстаў («Масты сёння прывабнейшыя за сам Парыж»);

удзел у мерапрыемствах, якія не маюць ніякага значэння для жыцця краіны («чэмпіянат у калонні дроў», перадача бульбы прапагандыстам з падворка дыктатара) і г.д.

Зразумела, што ўсё гэта здольна выклікаць кроў з вачэй. Тым больш, што Лукашэнка не стамляецца ставіць рэкорды ў абсурдзе.

Напрыклад (і на жаль), амаль усе мы ведаем, што дыктатар стаў «хакеістам» праз траўму калена, атрыманую падчас гульні ў футбол. Ведаем, таму што за сваё кіраванне ён распавядаў пра гэта прыкладна разоў пяцьсот.

Дык вось пры наведванні абноўленага стадыёна «Трактар» 14 лістапада Лукашэнка двойчы (!) паўтарыў гэтую гісторыю: спачатку дзяўчатам-футбалісткам, а пасля актывістам з БРСМ.

Для чаго дыктатр генеруе фэйкі і інфашум, цалкам відавочна: каб выбудаваць паралельную рэальнасць ці хаця б заблытаць абывацеляў, прымусіць іх забыцца пра рэальныя падзеі, якія даюць адмоўную характарыстыку кіраванню Лукашэнкі.

Зрэшты, ці наўрад гэты інфашум здольны заблытаць большасць. Сам дыктатар, абмяркоўваючы "перадвыбарчую кампанію", некалькі тыдняў таму адзначыў:

- Ідучы да людзей сёння з іспытам, яны ў нас прымуць іспыт за пяцігодку, мы павінны сказаць, што мы зробім. Канкрэтна... А прыгожа гаварыць мы ўсе ўмеем. Але галоўнае - гэта канкрэтыка, што ты зробіш.

Гэта быў рэдкі выпадак, калі са словамі Лукашэнкі сапраўды можна было пагадзіцца.

Марк Дзюба, «Салідарнасць»

Апошнія навіны