BE RU EN

Бундэсвер пачаў рыхтаваць вялікія нямецкія кампаніі да вайны

  • 21.11.2024, 9:30

Гэта адбываецца на аснове "нямецкага аператыўнага плана".

Узброеныя сілы Германіі (Бундэсвер) пачалі праводзіць тлумачальную работу ў буйных нямецкіх кампаніях на выпадак вайны з Расеяй. Гэта адбываецца на аснове "нямецкага аператыўнага плана", прынятага палітыкамі.

Аб гэтым піша Frankfurter Allgemeine Zeitung (FAZ). У гэтым сакрэтным стратэгічным дакуменце дакладна апісваецца роля эканомікі ў выпадку нападу Пуціна на ўсходзе. У Бундэсвера ёсць канкрэтныя прапановы адносна таго, як кампаніям трэба да гэтага рыхтавацца.

У згаданым вышэй плане выкладзены меры абароны ключавых аб'ектаў інфраструктуры ФРГ і ўказанні аб арганізацыі абароны краіны. Таксама ў ім апісаны дзеянні, якія будуць рабіцца ў выпадку ператварэння Нямеччыны ў лагістычны цэнтр для падтрымкі саюзнікаў.

План прадугледжвае рэгулярнае яго абнаўленне, у тым ліку вынікі супольных вучэнняў Бундэсвера і цывільных арганізацый, такіх як манеўры пад кодавай назвай Red Storm Bravo.

Паводле звестак крыніц FAZ, нямецкія вайскоўцы ўжо ўзаемадзейнічаюць з бізнэсам на месцах, каб павысіць узровень гатоўнасці да крызісных сітуацый. Прадстаўнікам прадпрыемстваў у Гамбургу прапанавалі:

– навучыць дадатковых кіроўцаў грузавікоў (пяць на кожныя 100 супрацоўнікаў);

- забяспечыць аўтаномныя крыніцы энэргіі (дызельныя генератары, ветраныя турбіны);

- распрацаваць планы дзеянняў у надзвычайных сітуацыях і навучыць персанал.

Падпалкоўнік Ёрн Плішке, камандзір войскамі ў Гамбургу, паведаміў, што падобныя сустрэчы арганізуюцца па ўсёй Нямеччыне. Ён таксама падкрэсліў, што, паводле звестак выведкі, Расея можа быць гатова да актыўных наступальных дзеянняў на Захад праз 4-5 гадоў.

Каб падкрэсліць сур'ёзнасць сітуацыі, Плішке нагадаў аб палётах расейскіх дронаў над Нямеччынй і спробах шпіянажу, выяўленні схованак са зброяй і замахах на топ-мэнэджараў, дыверсіях і кібератаках, якія можна назіраць "штодня і ўсё часцей".

Апошнія навіны